Дзеці таксама памятаюць

Дзеці таксама памятаюць

Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.

Па добрай традыцыі штогод напачатку мая ля помніка загінулым воінам і партызанам у Жабінцы хлопчыкі і дзяўчынкі нашага раёна ўступаюць у шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Свята “Піянерскі салют Вялікай Перамозе!” сабрала разам 230 школьнікаў, іх родных і блізкіх, настаўнікаў і прадстаўнікоў раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў. Ганаровымі гасцямі на мерапрыемстве сталі старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка.
Кіраўнік раёна першым звярнуўся да школьнікаў з добрымі пажаданнямі: “У рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі прымаюць самых актыўных, ініцыятыўных, крэатыўных дзяцей, якія не толькі добра вучацца, але і займаюцца рознымі грамадскімі справамі. Статус піянера — гэта не проста званне. Ён абавязвае вас клапаціцца пра людзей, рабіць дабро, быць ва ўсім першымі. Я жадаю, каб вы заўсёды былі прыкладам для іншых. А мы зробім усё магчымае, каб вы маглі раскрыць і рэалізаваць свае таленты”.
Жанна Стаціўка падзя-лілася з гасцямі свята сваімі цёплымі ўспамінамі пра дзень прыёму ў піянеры. “Жадаю вам, каб вы заўсёды паважалі старэйшых, не крыўдзілі малодшых, цанілі сяброўства, імкнуліся добра вучыцца, дасягалі сваіх мэт і з гонарам насілі званне піянераў”, — звярнулася да дзяцей дэпутат.
Дружна і ўпэўнена
школьнікі паўтарылі словы ўрачыстага абяцання за старшынёй Дзіцячай палаты раённага Савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Варварай Папковіч. Гальштукі хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі ганаровыя госці, прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх аб’яднанняў.
Дарэчы, свята прыёму ў шэрагі піянерскай арганізацыі прайшло ў рамках рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 75!”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Нямала слоў падзякі прагучала ў адрас абаронцаў нашай краіны. Вакальны калектыў “Вясёлкавы мікс” выканаў песню “Няпрошаная вайна”.
Напрыканцы ўдзельнікі і госці свята ўшанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка.

Popularity: 1%

Top