Як Плахотнікава “падзялілі”

Як Плахотнікава “падзялілі”

Анатоль БЕНЗЯРУК. 

Наш праект мяркуе тэму выключна сур’ёзную. Аднак, працуючы з дакументамі, бывае, нельга ўтрымацца ад горкай іроніі, калі бачыш, як неахайна часам адносіліся да перапахаванняў воінаў-вызваліцеляў у савецкія часы. У краіне суцэльных прыпісак (а гэта ніякі не сакрэт для тых, хто жыў у СССР) і ў гэтай высакароднай справе шмат што рабілася толькі на паперы. Як у адносінах да радавога Плахотнікава і яго аднапалчан.
АДРАЗУ Ў ДВУХ гарадах — Жабінцы і Камянцы — на мемарыяльных плітах і ў кнігах “Памяць” увекавечаны радавы 544-га стралковага палка 152-й стралковай дывізіі Пётр Гаўрылавіч ПЛАХОТНІКАЎ (1907–1944). Як надарыцца некаму з нашчадкаў ці землякоў байца адшукаць-наведаць месца яго апошняга спачыну, той міжволі можа разгубіцца і спытацца: “Як такое магло здарыцца?!” Аднак і ў іншых дапытлівых жабінкаўцаў ды каменчукоў, хто захапляецца роднай гісторыяй, гэткая акалічнасць выклікае неразуменне.
Але ж за пытаннем пра Плахо-тнікава нечакана вымалёўваецца цэлы ланцуг не менш дзіўных рэчаў. Як гаворыцца: часам цягнеш за вяроўку, ды няўцям, што на яе канцы — злы сабака.
На поўначы Жабінкаўшчыны ёсць вёска Палявая Рэчыца. На старых картах, якімі карысталіся вайскоўцы у 1944 годзе, яна пазначана на польскі манер — Жэчыца Польна. Менавіта тут першапачаткова быў пахаваны наш герой, які памёр 22 ліпеня сорак чацвёртага ў 274-м медсанбаце. Аднак 21 і 22 ліпеня ў тым самым паходным шпіталі пайшлі з жыцця і іншыя цяжкапараненыя байцы 152-й стралковай Дняпроўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі.
Пералічым іх пайменна. Гэта радавыя Міхаіл Якаўлевіч АРНАУТАЎ (1911–1944), Якаў Філіпавіч САБЕЛЬНІКАЎ (1897–1944), Рыгор Іванавіч КАРАБУТ (1912–1944), Нікіфар Іванавіч МЕЛЬНІЧЭНКА (1897–1944), Пётр Іосіфавіч ГРЫЦЭНКА (1923–1944), Сазон Самуілавіч КАТВІНСКІ (1902–1944), Астан АЛМАМБЕТАЎ (1907–1944). Названыя асобы патрапілі толькі ў камянецкія спіскі, а таму іх прозвішчы можна прачытаць выключна на мемарыяле ў Камянцы і, адпаведна, у “Памяці” суседняга раёна.
Як такое магло адбыцца? Даволі проста. Летам 1959-га часова прыпыніў сваё існаванне Жабінкаўскі раён і яго паўночныя вёскі адышлі да суседняга. Праз год было вырашана правесці перапахаванне салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі “з брацкіх і індывідуальных магіл Камянецкага раёна” ў цэнтральны сквер г.п. Камянец.
Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Пералічаныя вышэй восем шарагоўцаў патрапілі ў спісы (Плахотнікаў, як бачым, нават двойчы). Толькі былі яшчэ двое, што не ўлічаны ні ў Жабінцы, ні ў Камянцы. Пра іх — крыху больш падрабязна.
Мікалай Васільевіч ДУДАЎ (1908–1944) нарадзіўся ў Днепрапятроўску (сёння гэта ўкраінскі горад Дніпро). Вясной сорак чацвёртага быў прызваны ў Чырвоную Армію. Памёр ад ран 22 ліпеня 1944 года ў 274-м медсанбаце.
Мікалай Ільіч БАНДАРЭНКА (1911–1944) таксама паходзіў з Украіны, з паўднёвага горада Мікалаева. Паранены 21 ліпеня пры вызваленні Заходняй Беларусі, ён быў дастаўлены ў ваенны шпіталь у Палявой Рэчыцы, дзе і памёр праз два дні.
На здымках: дык дзе ж насамрэч ляжыць Пётр ПЛАХОТНІКАЎ?
У Камянцы? Ці Жабінцы?

Popularity: 1%

Top