Чатыры гераічныя мясціны Жабінкаўшчыны

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.

4 мая з ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама прайшоў маштабны маладзёжны аўтапрабег “75 гераічных мясцін Брэстчыны”, які сабраў разам каля 160 чалавек, што прыехалі з усіх куткоў рэгіёна на аўтамабілях і матацыклах. З Жабінкаўскага раёна ў акцыі прынялі ўдзел 16 чалавек на пяці аўтамабілях, упрыгожаных наклейкамі “Беларусь памятае”.
У кожным раёне вобласці вызначылі па чатыры мясціны, дзе адбываліся знакавыя падзеі падчас Вялікай Айчыннай вайны, пахаваны загінулыя воіны і мірныя жыхары. Гэта брацкія магілы, мемарыялы на месцы спаленых вёсак і месцы масавага знішчэння насельніцтва. Пінскае гета, Бронная гара, мемарыяльныя комплексы “Здзітаўская абарона”, “Партызанам Палесся”… У гэты шэраг сталі і мясціны, якія памятаюць і шануюць жыхары Жабінкаўшчыны. Менавіта іх і наведалі ўдзельнікі аўтапрабегу.
Падарожжа жабінкаўцаў пачалося  4 мая ля магілы ахвяр фашызму на вуліцы Міру. Там удзельнікаў аўтапрабегу сустрэлі вучні гарадскога ліцэя. Пасля ўрачыстага мітынгу маладыя людзі разам выканалі песню “Дзень Перамогі”.
Удзельнікі аўтапрабегу наведалі таксама брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан, помнік расстраляным камсамольцам-актывістам і магілу ўдзельніка партызанскага руху Івана Філіпука. На ўсім шляху жабінкаўцаў суправаджаў журналіст і гісторык Анатоль Бензярук і расказваў пра людзей і падзеі, якім прысвечаны памятныя мясціны.
Апоўдні маладзёжныя аўтакалоны з усіх раёнаў вобласці сустрэліся ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Разам удзельнікі аўтапрабегу дайшлі да плошчы Цырыманіялаў, несучы расцяжку з надпісам “Беларусь памятае”, сцягі БРСМ і сваіх раёнаў, партрэты родзічаў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, і кветкі. Падчас урачыстага мітынгу прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны перадалі зямлю з 75 гераічных мясцін у музей Брэсцкай крэпасці і ўсклалі вянкі да Вечнага агню.
З ініцыятывы супрацоўнікаў УУС Брэсцкага аблвыканкама ўдзельнікі аўтапрабегу атрымалі часцінку свяшчэннага агня з мемарыяльнага комплексу ў лампадах, якія будуць дастаўлены да месцаў пахавання загінулых у гады вайны міліцыянераў у розных раёнах.
На Шпітальным востраве для моладзі Брэстчыны арганізавалі салдацкі прывал, дзе прайшоў канцэрт “Кветкі Вялікай Перамогі”.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда