“Прыйшоў на зямлю, каб быць паэтам”

“Прыйшоў на зямлю, каб быць паэтам”


Тыдзень рускай мовы і літаратуры ў нашай школе быў змястоўным і пазнавальным, незвычайным і яркім. Завяршыўся ён сустрэчай з паэтам-земляком Іванам Трафімавічам Дацкевічам. Нядаўна пабачылі свет яго новыя паэтычныя зборнікі “Принимаю жизнь как чудо” і “Возвращение”. З гэтай нагоды і сабраліся вучні старэйшых класаў школы, каб сустрэцца і бліжэй пазнаёміцца з аўтарам і яго творчасцю, а ён з задавальненнем прыняў запрашэнне і завітаў да нас на размову.
Пачаў яе паэт з успамінаў аб самых цяжкіх днях, якія выпалі на яго долю, на долю яго сям’і — гэта дні вайны, дні акупацыі, яны назаўжды засталіся ў яго памяці. Страшная вайна адабрала ў маленькага Івана бацьку. З любоўю і пяшчотай Іван Трафімавіч успамінаў сваю маму. Менавіта яна прывіла цікавасць да сапраўднай паэзіі, калі знаёміла сына з творчасцю Пушкіна, Лермантава, Блока, менавіта яна вучыла любіць літаратуру і цаніць паэтычнае слова.
Аднойчы лёс падорыць Івану Дацкевічу сустрэчу з паэтам, які, паслухаўшы яго вершы, скажа: “У вас сапраўдныя вершы… Не пакідайце гэтай справы”. Першая падборка вершаў Івана Трафімавіча выйдзе ў газеце “Большая Кама”. У Расіі паэт пражыве крыху больш трыццаці гадоў, але яго ўсё роўна будзе цягнуць на радзіму, і ён вернецца ў Беларусь. На радзіме будзе пісаць і пісаць шмат, шліфуючы сваё майстэрства. Менавіта тут Іван Дацкевіч сустрэне сапраўдных сяброў — аднадумцаў: паэтаў Васіля Гадульку і Васіля Сахарчука.
Вершы, якія чытаў Іван Трафімавіч, кранулі мяне сваёй глыбінёй, філасофскім роздумам. Былі і такія, ад якіх зыходзіла незвычайная пяшчота і цеплыня, і ўсе прысутныя адчувалі гэта. Некаторыя выклікалі ўсмешку — па іх відаць, што Іван Трафімавіч мае тонкае пачуццё гумару.
Паэт адказаў на ўсе нашыя пытанні. Ён адкрыў нам сакрэт, што вельмі любіць кнігі пра космас і аддае перавагу класіцы, перачытваючы творы Льва Талстога і Міхаіла Булгакава. Іван Трафімавіч з цікавасцю паслухаў вершы юнага паэта нашай школы Аляксандра Кулагіна і параіў хлопцу развіваць сваю творчасць.
Размова атрымалася шчырай і цёплай. Мне думаецца, што кожны з нас пасля сустрэчы пакінуў сабе  часцінку дабрыні, якая зыходзіла ад нашага суразмоўцы.
Дар’я НІКАНЧУК, вучаніца 11 “А” класа СШ №1 г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top