Спачатку было слова. Хутка паўсюль будзе “лічба”

Спачатку было слова. Хутка паўсюль будзе “лічба”

Спецыялісты Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання (БАВРТ) упэўненыя: у 2015 годзе Брэстчына стане вобласцю, дзе паўсюдна на змену аналагаваму вяшчанню прыйдзе лічбавае.
Спачатку было слова. І яно прагучала з радыё — прыбора, што вынайшлі ў 1894-1895 гадах рускі фізік Аляксандр Папоў і італьянец Гульельмо Марконі. Тады, на памежжы стагоддзяў, вучоныя адшукалі не проста электрамагнітныя хвалі ў эфіры, але адкрылі новую эру — эру радыё, якое стала падмуркам для развіцця тэлебачання. Звыклы цяпер сігнал штодзённа прыходзіць да нас, дзякуючы не ў апошнюю чаргу зладжанай дзейнасці супрацоўнікаў БАВРТа.
Як узнікла і жыла “тэлевышка”
Зараз у краіне пяць абласных вузлоў радыёвяшчання і тэлебачання — філіялаў Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра. Усе яны ў абласных цэнтрах і толькі брэсцкі ў вёсцы Ракітніца нашага раёна.
Паўстагоддзя таму было прынята рашэнне пра будаўніцтва ў Ракітніцы новай магутнай тэлевізійнай станцыі. У 1963 годзе амаль на 183 метры ўзнеслася мачта. Пачалося ўладкаванне станцый “Дождж-2” і “Іголка”.
Дзень 1 красавіка 1964 года, калі з Ракітніцы паляцеў першы радыёсігнал, можна лічыць днём нараджэння арганізацыі, а праз два з паловаю месяцы жыхары Брэстчыны змаглі прымаць ужо й тэлевізійны сігнал.
Паміж 1974 і 1980 гадамі будаваўся новы тэхнічны будынак. Праводзілася рэканструкцыя Ракітніцкай перадаючай станцыі: на змену састарэлай “Іголцы” прыйшла больш моцная і якасная “Зона-2”, следам — новая радыёстанцыя “Ільмень”, якія на сённяшні дзень ужо таксама сталі часткаю гісторыі.
Памежжа тысячагоддзяў вызначаецца хуткасным развіццём тэхналогій, таму штогод у Ракітніцы адбываюцца тэхнічныя пераўтварэнні. Гэта патрэбна прафесіяналам, каб ісці “ў нагу з часам”, паспяваючы за развіццём, якое не спыняецца ні на хвіліну. Гэта патрэбна і спажыўцам, якія жадаюць далучацца да самага сучаснага ды якаснага.

Людзі цікавяцца пра “лічбу”

— Тэлефон амаль не змаўкае. Людзі цікавяцца пра хуткі пераход на “лічбу”, іх хвалююць праблемы, што ўзнікаюць ужо сёння, — гаворыць зменны інжынер сродкаў радыёвяшчання і тэлебачання Уладзімір Іванавіч Гацкевіч і цярпліва тлумачыць чарговаму кліенту перавагі, што нясе з сабою лічбавы пакет тэлевізійных праграм.
Перавагі ёсць. Яны відавочныя. Але ці ёсць недахопы? Вось у чым пытанне.
Сёння суіснуюць стары, вядомы ўсім аналагавы фармат, і найноўшы — лічбавы. У лічбавым стандарце магчымы прыём дзесяці радыё- і васьмі тэлепраграм (“Беларусь-1”, “АНТ”, “Беларусь-2 + Брэсцкае абласное ТБ”, “СТБ”, “НТБ-Беларусь”, “РТР-Беларусь”, “Мір” і “8-ы канал”). Два фарматы будуць існаваць побач да 2015 года, калі “лічба” цалкам заменіць “аналаг”. Гэтага патрабуе адпаведная Дзяржпраграма развіцця лічбавага вяшчання ў Рэспубліцы Беларусь. Дарэчы, шмат каго цiкавяць новости дня в беларуси.
Грамадзян хвалюе: што рабіць, калі ў доме звычайны тэлевізар, здольны прымаць толькі аналагавы сігнал?
Выхадаў два. Можна набыць тэлевізар новага пакалення з цюнарам (дарэчы, у многіх такія ўжо маюцца), альбо купіць лічбавую прыстаўку да старога.
Першы варыянт, зразумела, спакуслівы (хоць і не танны): уладкаваць у хаце вялікі вадкакрышталічны ці плазмены экран і цешыцца ўсімі перавагамі новага фармату. Перавагай новых тэлепрыёмнікаў з’яўляецца наяўнасць USB-уваходу, які дае магчымасць праглядаць сучасныя відэа-, фота- і аўдыёматэрыялы.
Другі варыянт значна таннейшы, аднак трэба падыходзіць уважліва да пакупкі лічбавай прыстаўкі: у пашпарце абавязкова павінны быць звесткі, найперш, што яна падтрымлівае стандарт DVB-T з фарматам сціскання MPЕG-4. Пажадана выкарыстоўваць прыёмныя антэны вытворчасці.
З поглядам у будучыню
Пра перавагі лічбавага вяшчання дырэктар Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання Віктар Веніямінавіч Караблёў, які пяты год узначальвае прадпрыемства, можа расказваць гадзінамі.
— З уводам новага абсталявання рашаюцца некалькі важных задач: у насельніцтва з’явіцца магчымасць глядзець большую колькасць тэлепраграм палепшанай якасці, прыкметна зніжаецца спажыванне электраэнергіі перадаючымі сродкамі. Пачатак вяшчання ў лічбавым фармаце — першы этап яго ўкаранення ў паўсядзённае жыццё. Другі — павелічэнне колькасці тэлевізійных праграм з васьмі да некалькіх дзясяткаў.
Дырэктар зрабіў экскурсію для журналістаў у цэх ультракароткахвалевых радыёстанцый. Абсталяванне кампактнае, працуе належна. А як інакш, калі на вытворчасці такія добрыя спецыялісты як кіраўнік цэха Валерый Рыгоравіч Алексін, інжынеры Вячаслаў Іванавіч Шалкевіч, Уладзімір Іванавіч Гацкевіч, Міхаіл Міхайлавіч Васілюк, антэншчык-мачтавік Віктар Яўгенавіч Якавук, электраманцёр Юрый Фядосавіч Фядыніч, інш.?
— Увогуле, у нас шматнацыянальны калектыў: акрамя беларусаў, працуюць рускія, украінцы, казах. Многія жывуць у Ракітніцы, іншых на змены прывозяць з Брэста. Амаль усе маюць вышэйшую адукацыю, — расказвае Віктар Веніямінавіч.
Пра сваіх падначаленых дырэктар гаворыць з павагай:
— Тут няма і не можа быць лішніх людзей. Кожны на сваім месцы. Мы створаны, каб выконваць прафесійна ўскладзеныя на нас абавязкі. Веды і ўменні гэтых людзей — самая надзейная гарантыя якасці нашай справы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: дырэктар БАВРТа В.В.Караблёў; вышка ў Ракітніцы, перадаючая радыё- і тэлесігналы; выдатна выконваюць свае абавязкі інжынер В.І.Шалкевіч, вядучы інжынер М.М.Васілюк, антэншчык-мачтавік В.Я.Якавук, электраманцёр Ю.Ф.Фядыніч; шмат адказнай працы ў зменнага інжынера сродкаў радыёвяшчання і тэлебачання У.І.Гацкевіча.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top