Ветэранам — бясплатны праезд

Як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, з мэтай забеспячэння магчымасці наведвання мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ветэранам вайны, а таксама асобам, што іх суправаджаюць (але не больш за аднаго суправаджальніка на таго, хто мае права бясплатнага праезду), прадастаўляецца права бясплатнага праезду за кошт сродкаў Беларускай чыгункі (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2019 года № 165). Гэтым правам шаноўныя ветэраны могуць скарыстацца з 3 мая па 7 ліпеня ў вагонах любой катэгорыі (акрамя СВ) у саставах цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, міжрэгіянальных і міжнародных ліній (у межах нашай краіны) фарміравання Беларускай чыгункі. Даведкі па тэлефоне 2-17-09.

“Увага — дзеці!”

Пад такой назвай сёння на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя. Падчас яе кіроўцы павінны кругласутачна ездзіць з уключаным блізкім святлом фар, каб стаць больш прыкметнымі на дарогах. За невыкананне патрабавання Правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу да дзвюх базавых велічынь. Супрацоўнікі ДАІ таксама нагадваюць, каб вадзіцелі сачылі за бяспекай дзяцей-пасажыраў і былі асабліва ўважлівыя каля школ і іншых устаноў адукацыі. Рэспубліканская акцыя працягнецца да 5 чэрвеня.

Каб “Brest Bike Festival” быў бяспечным

Напярэдадні традыцыйнага міжнароднага мотафестывалю “Brest Bike Festival International — 2019”, які праходзіць 24-26 мая, інспекцыя нагляду і прафілактыкі Жабінкаўскага РАНС правяла маніторынг лагера “Арляня”. Менавіта ён кожны год становіцца пляцоўкай для правядзення маштабнага мерапрыемства. Былі выяўлены некаторыя парушэнні: не забяспечана магчымасць свабоднага адкрыцця знутры замкоў дзвярэй без ключа, размешчаных на шляхах эвакуацыі, не працавала аўтаматычная пажарная сігналізацыя ў карпусах №№1-3, не ажыццяўлялася праверка спраўнасці ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння і іншыя. Да 21 мая ўсе парушэнні неабходна было выправіць, каб “Brest Bike Festival” быў бяспечным для шматлікіх яго ўдзельнікаў.

25 мая — Сусветны дзень захворванняў шчытападобнай залозы

Пра тое нагадваюць медыцынскія работнікі нашага раёна. Як вядома, гармоны шчытападобнай залозы выконваюць у арганізме вельмі важныя функцыі. Напрыклад, рэгулююць энергетычны абмен, удзельнічаюць у падтрыманні неабходнай частаты сардэчных скарачэнняў, забяспечваюць адэкватную нервовую ўзбуджальнасць ды шмат іншага. Гэтыя гармоны ўтвараюцца з удзелам ёду, якога за суткі чалавеку неабходна 150-200 мікраграмаў.

Юбілейная перамога

Каманда маладзёжнага брацтва пры храме Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы заваявала юбілейную, дзясятую, перамогу ў міжнародным інтэлектуальным анлайн-спаборніцтве. На гэты раз яно называлася “Велікодная інтэрнэт-карусель” і прысвячалася вялікай светлай урачыстасці. На пытанні духоўнай віктарыны адказвалі прадстаўнікі Беларусі і Расіі, Казахстана і Кыргызстана, Азербайджана і Узбекістана, Германіі, Літвы і Латвіі. Жабінкаўцы падзялілі перамогу з маладымі людзьмі з горада Алматы (Казахстан).
А сваё першае пяцігоддзе днямі адсвяткаваў маладзёжны хор жабінкаўскага храма. У 2014 годзе песенны калектыў быў створаны з ініцыятывы настаяцеля Сергія Петрусевіча. З тае пары юныя выканаўцы — актыўныя ўдзельнікі прыходскіх і раённых мерапрыемстваў. Штогод хор паспяхова прадстаўляе родны храм на фестывалі “Спявайце Богу нашаму, спявайце!” у Драгічыне. У юбілейны дзень нараджэння маладыя людзі падрыхтавалі насычаную святочную праграму і ўспомнілі этапы станаўлення калектыву.

Наша Надзея зноўку першая

У сталіцы ладзіўся міжнародны конкурс творчых прафесій “Мінскі вернісаж”, які прынёс чарговую ўзнагароду ў скарбонку нашай таленавітай зямлячкі Надзеі Каштэлян. Дзяўчына ўваходзіла ў склад беларускай каманды і выступала ў жаночай тэхнічнай катэгорыі — гэта адзін з самых складаных відаў работ у цырульніцкім мастацтве. На манекен-галаве яна выканала дзённую і вячэрнюю прычоскі за 20 і 40 хвілін адпаведна. Па суме заваяваных балаў наша Надзея заваявала першае месца.

Жабінкаўскія дзівы

Таленавітыя жабінкаўскія дзяўчаты Вольга Грэтчанка, Аліна Арабейка, Марыя Лобан, Алена і Таццяна Журомскія танцуюць у складзе калектыву эстраднага танца “Дзіва”, які існуе на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Мінску. У гэтым месяцы каманда адправілася ў Гродна, каб паўдзельнічаць у рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным марафоне “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”, што ладзіўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Насычаная праграма складалася з некалькіх блокаў. У сваім, творчым, калектыў “Дзіва” заваяваў другое месца. Віншуем усю каманду з перамогай, асобна зычым нашым зямлячкам поспехаў! Зараз юныя дзівы рыхтуюцца да справаздачнага канцэрта, які адбудзецца 30 мая ў беларускай сталіцы.
Падборку падрыхтавала Дар’я НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top