У раёне новы кіраўнік

У раёне новы кіраўнік

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

У райвыканкаме адбылася XII пазачарговая сесія Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў XXVIII склікання. На парадку дня значылася адно пытанне — аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Віталя Кулака.
Як вядома, Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка 16 мая разгледзеў кадравыя пытанні і даў згоду на назначэнне Віталя Уладзіміравіча Кулака старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама. Згодна з арт. 17 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, раённы Савет дэпутатаў вырашае пытанне аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні райвыканкама на сесіі адкрытым галасаваннем.
Першым узяў слова выконваючы абавязкі старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Рабкавец. Ён адзначыў, што Жабінкаўскі раён — адзін з самых лепшых на Брэстчыне, займае верхнія радкі абласных зводак па многіх паказчыках.
Вельмі шмат зрабіў для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы Жабінкаўшчыны Дзмітрый Гарадзецкі.

Гэтая ж думка прагучала і з вуснаў старшыні райсавета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка: “За тры з паловаю гады пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мікалаевіча зроблена нямала. Працягвалася рэканструкцыя фермаў, цукровага завода, пабудавана новае прадпрыемства па вытворчасці прэміксаў і канцэнтратаў для маладняку, значна палепшыліся ўмовы пражывання жабінкаўцаў. Хачу адзначыць, што ў многім дзякуючы Дзмітрыю Мікалаевічу раён прыняў удзел у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва і выйграў два гранты. За гэты час на Жабінкаўшчыне пабудавана звыш 40 тыс. кв. м жылля, 57 шматдзетных сем’яў палепшылі жыллёвыя ўмовы, 20 кватэр атрымалі дзеці-сіроты. Думаю, Дзмітрый Гарадзецкі пакінуў добры след на Жабінкаўшчыне і ў душы кожнага, з кім яму давялося працаваць і мець зносіны”.
У сваю чаргу, Дзмітрый Мікалаевіч сказаў: “Я вельмі рады, што гэтыя 3,5 года мне давялося працаваць поруч з прафесіяналамі. Дзякуючы вашаму цярпенню, працалюбству і прафесіяналізму нам удалося дабіцца некаторых вышынь на Жабінкаўшчыне. Хочацца падзякаваць кіраў-ніцтву аблвыканкама за падтрымку і дапамогу нашаму раёну. Жадаю ўсім жабінкаўцам росквіту, дабрабыту і шчасця”.
Затым выступіў Аляксандр Кучынскі, першы намеснік старшыні райвыканкама, пазнаёміўшы прысутных з Віталем Кулаком: “З Віталем Уладзіміравічам знаёмы па сумеснай працы ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Ведаю яго як добрасумленнага і адукаванага чалавека, патрабавальнага, прынцыповага і ініцыятыўнага кіраўніка. Ён умее вылучаць у рабоце галоўнае, мабілізаваць падначаленых на рэалізацыю праблемных задач, валодае высокімі дзелавымі якасцямі, умее бачыць перспектыву развіцця даверанага ўчастка”.
Аляксандр Яўгенавіч папрасіў дэпутатаў падтрымаць кандыдатуру новага кіраўніка раёна.
Яшчэ адзін выступоўца — дырэктар Жабінкаўскай ЖКГ Павел Заграй — у сваёй прамове ўзгадаў асноўныя значныя праекты, якія рэалізуюцца ў горадзе і раёне. Сярод іх — будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”, “Камфортнае жыллё”, мадэрнізацыя цепласетак у мікрараёне цукровага завода, будаўніцтва станцый абезжалезвання ў Ракітніцы і Мацеевічах ды інш. “Упэўнены, што з прыходам на пасаду старшыні райвыканкама маладога, перспектыўнага кіраўніка мы зможам не толькі рэа-лізаваць пачатыя праекты, але і запланаваць яшчэ больш значныя. Таму прашу падтрымаць кандыдатуру Віталя Уладзіміравіча”, — падкрэсліў Павел Заграй.
Дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за назначэнне Віталя Кулака старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама.
Той, са свайго боку, падзякаваў кіраўніцтву вобласці і дэпутацкаму корпусу Жабінкаўшчыны за аказаны давер і паабяцаў прыняць усе магчымыя меры для выканання пастаўленых задач.
Валерый Рабкавец і Анатоль Шалтанюк цёпла павіншавалі новага кіраўніка раёна з назначэннем. Затым падзякавалі за работу Дзмітрыю Гарадзецкаму, пажадалі на новым месцы працы не забываць Жабінкаўшчыну і далей усяляк спрыяць развіццю горада-спадарожніка Брэста, уручылі Дзмітрыю Мікалаевічу Пісьмо падзякі Брэсцкага аблвыканкама і Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.

На здымку: Дзмітрый Гарадзецкі, Анатоль Шалтанюк, Віталь Кулак, Валерый Рабкавец.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top