Узнагароджана юбілейным медалём

За значны ўклад у развіццё прафсаюзнага руху Беларусі і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, актыўную дзейнасць па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў сяброў прафсаюзаў, а таксама высокія працоўныя вынікі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзнагародзіла юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” прадстаўнікоў членскіх арганізацый ФПБ і абласных аб’яднанняў прафсаюзаў. Прыемна, што ў ліку ўзнагароджаных старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. Віншуем Ніну Уладзіміраўну і зычым далейшых поспехаў у працоўнай дзейнасці.

З цяплом у кожны дом

З 13 па 17 мая на базе Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў рамках Дня сям’і прайшла дабрачынная акцыя “З цяплом у кожны дом”. Спецыялісты цэнтра павіншавалі са святам дваццаць малазабяспечаных, шматдзетных, няпоўных сем’яў і ўручылі ім падарункі.

Жабінкавец у эфіры

На выставе СМІ ў Мінску, якая ладзілася ў пачатку мая, аднымі з найбольш прадстаўнічых былі стэнды “Ваен ТV”. Сваю прадукцыю тэлекампанія стварае для АНТ, БТ-1,
БТ-24, СТВ, дзе перыядычна выходзяць перадачы “Арсенал”, “Анфас”, “Ваенны агляд”. Ёсць і свой інтэрнэтны “Ваен ТV-анлайн”. Прыемна, што непасрэднае дачыненне да ўсяго гэтага мае наш зямляк Павел Гардзейчык. Напярэдадні 75-х угодкаў вызвалення Беларусі, запэўніў Павел Ігаравіч, гледачоў “Ваен ТV” будуць чакаць шматлікія змястоўныя і цікавыя праекты, падрыхтаваныя тэлекампаніяй.

Максімава перамога на турніры

З трэцяга па пятага мая ў Лідзе прайшоў IV Міжнародны юнацкі турнір па боксе памяці двойчы Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта авіяцыі Леаніда Бяды, прысвечаны Дню Перамогі. У ім у вагавой катэгорыі да 54 кілаграмаў перамог выхаванец Жабінкаўскай СДЮШАР Максім Жураўлёў. Рыхтавалі баксёра да спаборніцтваў трэнеры Васіль Максіменка і Юрый Аўчыннікаў. Віншуем Максіма з перамогай!

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top