Гульня, што выхоўвае мужных і адважных

Гульня, што выхоўвае мужных і адважных

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

У мінулую суботу, 11 мая, на базе Ленінскай адзінаццацігодкі адбылася раённая спартыўная ваенна-патрыятычная гульня “Арляня”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя гаспадароў у ёй прынялі ўдзел каманды трох гарадскіх школ і ліцэя.

“Подзвігі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны — прыклад мужнасці, гераізму і любові да сваёй Радзімы. Задача нашчадкаў — памятаць і шанаваць мінулае, берагчы сучаснае і клапаціцца пра будучае”, — такімі словамі звярнулася да прысутных на адкрыцці мерапрыемства інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Абрамчук.
Начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) Кобрынскага аб’яднанага раённага ваеннага камісарыята, галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксей Пятроў падкрэсліў, што такія ж юнакі і дзяўчаты ў гады вайны смела ўсталі супраць ворага і годна абаранялі ад яго сваю Айчыну. “Арляня” — гэта гульня, якая садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі, яе фізічнаму развіццю, прапагандуе баявыя традыцыі Узброеных Сіл нашай краіны.
Пасля таго, як камандзіры атрадаў далажылі падпалкоўніку Пятрову аб гатоўнасці да ўдзелу ў гульні, пачаліся спаборніцтвы. Спачатку адбыўся агляд строю. Ацэньваліся знешні выгляд атрада, выкананне элементаў страявой падрыхтоўкі індывідуальна, дзеянні ў складзе каманды, зладжанасць падчас руху, выкананне песні, граматнасць і ўпэўненасць дзеянняў камандзіра і іншае. Па выніках гэтага конкурсу першай была каманда СШ № 2 “Полымя”, другой — Ленінскай адзінаццацігодкі “Сцяг” і трэцяй — каманда першай школы.
Трапных стралкоў вызначыў конкурс “Снайпер”. У асабістым заліку лепшымі сталі: сярод юнакоў — Дзмітрый Ульчык (СШ № 3), сярод дзяўчат — Вікторыя Гронская (ліцэй). У камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — “Адважныя” (СШ № 3), другое — “Факел” (ліцэй) і трэцяе — “Полымя” (СШ № 2).
Конкурс па медыка-санітарнай падрыхтоўцы праверыў веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі пры закрытых і адкрытых пераломах, апёках, абмаражэннях, сонечным і цеплавым ударах, крывацёках, пры паражэнні электрычным токам, атручэнні ўгарным газам, пры аказанні дапамогі чалавеку, які тануў. Тут лепшымі былі гаспадары спаборніцтваў, другое месца заваявалі прадстаўнікі ліцэя, трэцяе — першай школы.
Сваіх пераможцаў назваў і творчы конкурс, на які кожная каманда прадставіла работы ў рознай тэхніцы, прысвечаныя 40-годдзю з дня ўтварэння 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады. Журы ацэньвала малюнкі і чаканку, работы з дрэва, паперы і лапікаў тканіны, улічвалася таксама іх адпаведнасць зададзенай тэматыцы. У выніку першае месца ў “Адважных” (СШ № 3),
другое — у “Полымя” (СШ № 2),
трэцяе падзялілі каманды Ленінскай і першай школ.
Завяршыў гульню самы складаны і адказны конкурс — “Ваенна-спартыўная эстафета”. Больш зладжана і дакладна прайшлі ўсю трасу “Адважныя” з трэцяй школы, яны былі лепшымі на гэтым этапе. Другое месца ў эстафеце ў каманды першай адзінаццацігодкі, трэцяе — у гарадскога ліцэя.
Па выніках усіх конкурсаў пераможцамі гульні сталі сёлета “Адважныя” (СШ № 3).
Другое месца заваявалі гаспадары — каманда Ленінскай школы “Сцяг”, трэцяе — у “Полымя” (СШ № 2).
Тройку лідараў арганізатары гульні ўзнагародзілі дыпломамі, а каманда пераможцаў атрымала ад іх яшчэ і салодкія прызы.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская адзначыла граматамі каманды-пераможцы этапаў гульні, а таксама самых трапных стралкоў.

Popularity: 1%

Top