Азяцкі. Напрыканцы красавіка прайшло чарговае пасяджэнне сельвыканкама. На ім прысутнічалі першы намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандр Кучынскі і начальнік аддзела эканомікі Ларыса Сняжко. Узнімаліся вельмі актуальныя пытанні. Першае тычылася работы ўстаноў адукацыі з няўдалымі сем’ямі. Прыемна, як адзначалася на пасяджэнні, што на сённяшні момант такіх ячэек грамадства ў Азяцкім сельсавеце не засталося, паколькі прадстаўнікі сем’яў, якія раней прызнаваліся нядобранадзейнымі, узяліся за розум і зняты з уліку. Была заслухана таксама справа-здача старасты вёскі Пералум’е Любові Кузьміч. Зараз у гэтым населеным пункце пражываюць 11 чалавек, маюцца восем падворкаў і фермерская гаспадарка “Кукеты”. Праца Любові Пятроўны адзначана са станоўчага боку, найперш за добраўпарадкаванне Пералум’я і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Жабінкаўскі. Сёлета раённыя “Дажынкі” будзе прымаць аграгарадок Вялікія Якаўчыцы. Як жа рыхтуецца старажытны населены пункт (а Якаўчыцам у красавіку споўнілася ажно 485 гадоў) да значнага сельскагаспадарчага свята? Пра тое 10 мая ішла размова ў час пасяджэння ў райвыканкаме пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Гарадзецкага. Высвятляліся пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да фестывалю-кірмашу. Найперш пра тое, як будзе добраўпарадкоўвацца аграгарадок, каб годна сустрэць пасля жніва гасцей свята.

Ленінскі. Пад назвай “Беларусь памятае” прайшлі 9 мая мерапрыемствы ў аграгарадку Ленінскі. Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, жыхары і госці сельсавета. Словы ўдзячнасці ўсім тым, хто памятае і шануе подзвігі сваіх прадзедаў, дзядоў і бацькоў, што змагаліся з ворагам у час Вялікай Айчыннай вайны, выказаў старшыня сельвыканкама Мікалай Лугаўскі. Пра тое, што памяць аб подзвігу жыве ў сэрцах нашчадкаў і гэта адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным выхаванні моладзі, гаварыў у сваім выступленні настаяцель Свята-Уладзіміраўскага храма вёскі Чыжэўшчына айцец Анатоль. Па традыцыі кіраўнікі арганізацый усклалі кветкі да помніка загінулым землякам і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу Радзіму. 45-хвілінны канцэрт калектываў Ленінскага СДК, музычнай школы, прадстаўнікоў ясляў-сада прадоўжыў праграму святкавання 74-й гадавіны Перамогі.

Ракітніцкі. Вучні Ракітніцкай сярэдняй школы прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу — 2019”. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі настаўнікамі на тэрыторыі Пятровіцкага лясніцтва пасадзілі каля пяці гектараў дрэў лясных парод.
Напярэдадні Дня Перамогі ў Ракітніцкай школе быў арганізаваны конкурс патрыятычнай песні, у якім паўдзельнічалі навучэнцы 5-11 класаў. Самым яркім і запамінальным стала выступленне выпускнікоў, якія заваявалі перамогу ў творчым спаборніцтве. Адзінаццацікласнікі расказалі кранальныя гісторыі жыцця тых адважных людзей, якія загінулі ў перыяд вайны і чые лёсы былі звязаны з Ракітніцай. Гэта Мікалай Галаш і Аляксандр Жмаеў, у гонар якіх названы вуліцы ў нашым раёне, ды іншыя героі. На другім месцы аказаўся сёмы клас, пяцікласнікі завяршылі тройку лідараў. У канцы мерапрыемства яго ўдзельнікі ўсклалі кветкавую стужку да кургана памяці загінулым воінам у аграгарадку.
9 мая школьнікі павіншавалі з Днём Перамогі ветэранаў. З кветкамі і цёплымі пажаданнямі хлопчыкі і дзяўчынкі завіталі да ўдзельніка тылу Валянціны Васільеўны Хмурэц і малалетняга вязня Агрыпіны Аляксандраўны Ляшэнка.

Хмелеўскі. 9 мая ў вёсцы Падлессе адбыўся мітынг, прысвечаны 74-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У мясцовым сельскім Доме культуры да гэтай даты была прымеркавана выстава “Май 1945-га”. Сёння ж ва ўстанове адбудзецца святочна-віншавальнае мерапрыемства, прысвечанае Дню сям’і “Тата, мама, я — дружная сям’я”.
Вядома, не абмінаюць святочныя мерапрыемствы і Хмелеўскі СДК. Прынамсі, сёння, 15 мая, дзень нараджэння адзначае кіраўнік народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” Наталля Дырман. Праўда, як заўважыла імянінніца, нават у свой дзень народзінаў ёй няма калі адпачываць, бо даводзіцца працаваць, упрыгожваючы сваім непаўторным талентам мерапрыемствы, прысвечаныя Дню сям’і. Далучаемся да віншаванняў шаноўнай Наталлі Аляксееўны!

Popularity: 1%

Top