Віншаванні з пераможным маем

Віншаванні з пераможным маем

Святлана БЯЛЯК.

У гэтыя майскія дні, калі святкуюцца чарговыя ўгодкі вызвалення краіны ад фашысцкай навалы, школьнікі наведалі тых, каму давялося са зброяй у руках адваёўваць мірнае неба, бачыць пакуты родных і блізкіх, чуць выбухі снарадаў і пошчакі куль. Цёплыя словы, віншаванні з пераможным маем так патрэбны нашым вызваліцелям! А іх, на жаль, з кожным месяцам усё менш…
Да гэтай місіі далучыліся сёлета таксама і прадстаўнікі ўлады. Так, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі пабываў у дамах двух ветэранаў, якія пражываюць у Крыўлянскім сельскім Савеце. Кветкі, падарункі, шчырыя словы ўдзячнасці і нават вершаваныя радкі адрасавалі сведкам ваеннага ліхалецця кіраўнік раёна, старшыня ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк і старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук.
Вера Аляксандраўна Гарошка вельмі ўзрадавалася гасцям. У свае 93 гады яна пры добрай памяці, на нагах, паціху завіхаецца ў хаце і на падворку. Бабуля з радасцю падзялілася ўспамінамі (аб яе жыцці больш падрабязна чытайце ў асобнай нататцы).
Рады гасцям быў і Міхаіл Ісакавіч Міхайлоўскі з вёскі Барздзілы. Праўда, ад іх увагі і вершаваных віншаванняў Надзеі Рыгораўны ветэран расчуліўся, пусціў слязу. Ён таксама, наколькі дазваляе жыццёвая ноша пражытых гадоў, захоўвае бадзёрасць і ясны розум.
Жывіце доўга, ветэраны!
На здымку: віншаванні прымае Міхаіл Ісакавіч Міхайлоўскі.

Popularity: 1%

Top