Вайну прайшла з малітваю на вуснах

Вайну прайшла з малітваю на вуснах

Святлана БЯЛЯК.

Сямікласнікі другой гарадской школы разам з настаўніцай Таццянай Ярмаловіч прыйшлі павіншаваць з надыходзячым святам 9 Мая — Соф’ю Ціханаўну Смалюк, якая жыве ў Жабінцы.
Жанчына з радасцю падзялілася ўспамінамі з юнымі гасцямі. У яе маладосці, на жаль, было мала шчаслівых падзей. У гады Вялікай Айчыннай вайны Соф’ю разам з братам вывезлі ў Германію. Некаторы час правяла там у турме (за што туды патрапіла — не можа зразумець нават сёння). Пэўны час працавала ў полі разам з францужанкай, полькай і рускай у нямецкага гаспадара невялікага фальварка. Як і ўсе палонныя, маладая дзяўчына марыла аб вызваленні. Нарэшце гэтая шчаслівая навіна дайшла і да Соф’і.
Вярнулася дамоў, да маці і братоў. У мірны пасляваенны час паўсюль патрабаваліся працоўныя рукі. Соф’я Ціханаўна гатавала абеды, мыла бялізну, прыбірала. На заслужаны адпачынак яна пайшла з рэдакцыі газеты “Сельская праўда”.
Цяпер ёй 93 гады, чытае без акуляраў, мае светлы розум і добрую памяць. “А ўсё з-за таго, што за любую справу бралася з малітваю. Бог мяне бярог”, — лічыць Соф’я Смалюк.

Popularity: 1%

Top