“Сябрукі-2019” у Жабінцы

“Сябрукі-2019” у Жабінцы

Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

5 мая на пляжы возера “Візжар” было шматлюдна — апоўдні сабралася звыш трох соцень чалавек. Спяшаюся супакоіць чытачоў “Сельскай праўды”: ніхто не збіраўся адчыняць плавальны сезон (хаця было адносна цёпла і суха) — распачалі сезон веласіпедны. Менавіта тут упершыню ў гісторыі горада-спадарожніка Брэста праводзіўся фестываль і велазаезд крос-кантры “Сябрукі-2019”. Арганізатарамі яго выступілі Брэсцкі аблвыканкам, упраўленне спорту і турызму, Жабінкаўскі райвыканкам, інфармацыйна-адукацыйная ўстанова “За вела Брэст”.
Падалі заяўкі для ўдзелу ў велазаездзе звыш 130 жадаючых. Дарэчы, прыехалі ў Жабінку са сваімі двухколымі сябрамі (а некаторыя з іх каштуюць, як аўтамабілі, да 5 тысяч еўра) аматары з Брэста, Бярозы, Камянца, Маларыты, Ліды, Мінска і нават з Польшчы! Фестываль “Сябрукі-2019” запэўніў: веласіпеднаму спорту ўсе ўзросты падуладныя — ад двухгадовага хлапчаняці на велагоне да 68-гадовай бабулечкі з Мінска!
…Апошнія падрыхтоўванні, праверка экіпіроўкі, песенныя віншаванні са сцэны і пажаданні лёгкай дарогі ад арганізатараў і… доўгачаканы сігнал старту.
У першым заездзе, які быў разлічаны на прафесіяналаў, па 56-кіламетровым маршруце з ветрыкам пакацілі больш за семдзесят спартсменаў. Каб пераадолець гэтую адлегласць (не па асфальце, а па гравійных, лясных і нават палявых пераараных дарогах Кобрынскага, Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў), давалася ўсяго дзве з “хвосцікам” гадзіны. Спартсмены ў асноўным уклаліся ў адведзены час і на ўзнагароджанне дабраліся без спазненняў.
Другі заезд быў разлічаны на аматараў. Яны рухаліся па 18-кіламетровым маршруце (праўда, некаторыя заблукалі без указальнікаў і круцілі педалі ажно 26 кіламетраў).
Ну, а апошні, трэці, заезд фестывалю арганізатары падрыхтавалі для самых юных веласіпедыстаў (амаль усе яны аказаліся вучнямі другой гарадской школы). Трохкіламетровы маршрут пралягаў вакол возера Візжар. У суправаджэнні дарослых прафесіяналаў дзетвара спора стартанула… Аднак на вузкай сцяжынцы то кола ў пяску буксавала, то гусі шыкалі-пужалі… У рэшце рэшт да фінішу прыехалі самыя стойкія, астатнія, стомленыя, дайшлі… Затое з якім настроем дзеці выстраіліся ля сцэны для ўзнагароджання! Усе ззялі ад радасці, бо кожны атрымаў падарунак.
Дыпломамі і кубкамі былі ўзнагароджаны пераможцы веламарафона — прафесіяналы. Фестываль “Сябрукі-2019” адбыўся і, спадзяемся, стане традыцыйным.

Popularity: 1%

Top