Радасць і “слёзы” “Поля цудаў”

Радасць і “слёзы” “Поля цудаў”

Многія мараць трапіць у “госці” да Леаніда Якубовіча. Дзеля гэтага шлюць у Маскву адметныя крыжаванкі ці прыехаць на “Поле цудаў” з дапамогай творчасці. У святочнай перадачы, прымеркаванай да 8 Сакавіка, жабінкаўцы ўбачаць на сваіх тэлеэкранах землякоў — юнага спевака Германа Смаршчка і мастацкага кіраўніка цукровазаводскага клуба Вольгу Гардзейчык. Сёння пра падарожжа ў расійскую сталіцу і ўражанні ад гульні расказвае Вольга Мікалаеўна.
— Выбачайце за таўталогію: як здарылася такое цуда, што вы патрапілі на “Поле цудаў”?
— Як усялякі цуд яно было нечаканым і вельмі прыемным. Усё пачалося за колькі дзён да Новага года. Творчы самадзейны калектыў клуба цукровага завода, якім кіруе Вольга Ірзун, выступаў у санаторыі “Надзея”. Нечакана пасля канцэрта да нас падышоў чалавек. “Я тут адпачываю, і ў захапленні… Узрушаны! — хутка загаварыў ён. — Асабліва ад прыгожага, чыстага голасу Германа, што выконваў “Белавежскую пушчу”. Для такіх талентаў патрэбны не маленькая зала, а самыя высокія падмосткі! Ці не згадзіцеся прыехаць у Маскву, каб пагуляць у “Поле цудаў” на Першым канале?” Новы знаёмы працягнуў візітку, на якой значылася: Талмачоў Юрый Пятровіч. Ён быў з тэлекампаніі “ВіД”, супрацоўнікам праграмы “Здароўе”, якую вядзе Алена Малышава. Акрамя таго Юрый Пятровіч, як высветлілася, цудоўна разбіраўся і ў пытаннях культуры, быў вялікім меламанам, добрым сябрам піяніста і кампазітара Пятрова, што нядаўна пайшоў з жыцця… Пачуць ўдзячныя словы ад такога чалавека — ужо было вялікім падарункам, а тут яшчэ прапанова “дакрануцца” да “Поля цудаў”… Нават падумалася: мо гэта жарт такі? Але ў цуд паверыла, калі прыйшло запрашэнне. Так здарылася, што бацькі Германа не маглі паехаць у Маскву, вось і прапанавалі мне суправаджаць хлопчыка. Так я апынулася ля знакамітага барабана.
— Такія праграмы выходзяць у эфір у запісе, многае губляецца “пад нажніцамі” пры мантажы. Таму толькі вам вядома, як усё было на самой справе…
— Не сакрэт, што гэта — шоу. Нас папярэдзілі адразу, каб не перажывалі надта, што многае будзе скарочана дзеля прывабнай “карцінкі”. Запіс адбыўся 23 лютага. Мне пашчасціла трапіць у лік удзельнікаў. Аднак да здымак заставалася яшчэ чатыры дні, таму разам з Германам прысвяцілі іх экскурсіям па расійскай сталіцы. Двойчы наведалі кансерваторыю імя П.І.Чайкоўскага, пабывалі ў Батанічным садзе, у музеях касманаўтыкі і Крамля…
— І вось надышоў той вечар, калі Леанід Якубовіч выгукнуў: “Вітаем вас на “Поле цудаў”!”…
— Тады я і ўпэўнілася, наколькі прасцей гуляць, седзячы дома на канапе… Тым больш што не толькі апынулася ў першай тройцы, але й першаю круціла барабан. Слова было з пяці літар. Патрабавалася назваць, якія ахвяры ў Старажытнай Грэцыі кідалі ў калодзеж дзяўчаты, каб задобрыць багіню плоднасці ды атрымаць шчасце ў сямейным жыцці? Мне падумалася: што можа быць прыгажэй за чыстыя дзявочыя слёзы? Таму й сказала літару “ё”, ды адразу згадала, што слова павінна быць у адзіночным ліку… Але позна! Пераход ходу… Была магчымасць паправіцца, калі зноў ход вярнуўся да мяне. Вось і назвала слова “слеза” цалкам. На самой справе правільны адказ — “пряжа”. Гэты варыянт прыходзіў у галаву, ды казаўся менш прыгожым. Такім чынам я незнарок “стварыла” новы міф…
— Аднак зусім не міфічнымі бываюць дарункі-пачастункі, якія прывозяць Якубовічу. Што вы перадалі ў вядомы музей “Поля цудаў”?
— Найперш, шыкоўную кнігу, прысвечаную “Белавежскай пушчы”, і фотаальбом Дзмітрыя Струкава — сапраўдны мастацкі летапіс беларускіх святыняў. Гэты ўнікальны цуд паліграфіі, выкананы на акварэльнай паперы, названы найлепшым ў намінацыі “Трыумф” на Міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску. (Дарэчы, адным са спонсараў выдання стаў наш цукровы завод). Прачытала таксама вершык-прысвячэнне ад жабінкаўцаў на роднай мове. Аднак самым дарагім падарункам лічу песню ў выкананні Германа. “Адкуль такія таленты?” — усхвалявана пацікавіўся Леанід Аркадзьевіч. І я адказала з гонарам: “Наша зямля нараджае”. Вядучы “Поля цудаў” звярнуўся да хлопчыка: “Ты, Герман, маеш вялікі талент, бо Бог пацалаваў цябе ў макушку!” Да вялікай радасці хлопчыка, ён атрымаў прыз — ноўтбук, увогуле ніхто з гульцоў не застаўся без падарункаў.
— Якая атмасфера была на гульні і як успрынялі ваш удзел у ёй пасля вяртання ў Жабінку?
— Гэта было сапраўднае свята, поўнае гумару, добразычлівых усмешак. Удзельнікі па-сяброўску падтрымлівалі адзін аднаго і шчыра радаваліся поспеху пераможцы. Адчуванне свята не знікла і пасля вяртання дамоў. Так, цяжка быць “зоркаю” (смяецца): некалькі разоў на дзень даводзіцца распавядаць пра нашу паездку. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці тым, хто, дапамагае ператвараць мары ў рэчаіснасць, шчыра перажывае за развіццё самадзейнай творчасці: дырэктару прадпрыемства Віктару Рыгоравічу Міронаву, начальніку аддзела маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці Людміле Іванаўне Кандрацюк, старшыні прафкама Ірыне Канстанцінаўне Якубук, загадчыцы клуба Вользе Іванаўне Ірзун, кіраўніку вакальнага гуртка Галіне Іванаўне Міцковіч, якая падрыхтавала юнага спевака, што годна прадставіў Жабінкаўшчыну далёка за яе межамі.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: гульня на “Поле цудаў” яшчэ больш умацавала сяброўства Юрыя Талмачова, Германа Смаршчка і Вольгі Гардзейчык.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top