За кавалачак сыру — у канцлагер

За кавалачак сыру — у канцлагер

Веры Аляксандраўне Гарошка з вёскі Свішчы ідзе 94-ы год. На яе долю выпала нямала выпрабаванняў. Аднак яна не скардзіцца на цяжкасці, радуецца гасцям, што не абмінаюць яе хату, дзеліцца ўспамінамі. Самыя яркія, вядома, з яе маладосці. На жаль, шчаслівы час летуценняў і юнацтва бязлітасна абпаліла вайна…
…У сям’і, акрамя Верачкі, падрасталі Уладзімір, Дзмітрый, Марыя і Іван.
Дзеці з малога прызвычайваліся да сялянскай працы — даглядалі карову, свіней, птушку. Гэтак жа дружна яны спяшаліся ў мясцовую школку. Няхай і была яна толькі чатырохкласнай, на польскай мове, аднак дзеці прагнулі да ведаў, асабліва Верачка. Маці хацела, каб дачка далей вучылася, аднак у родных Свішчах іншай школы не было, таму Вера ўпотай чытала кніжкі і вучылася па іх сама.
А потым усё рэзка памянялася. Першы дзень вайны запомніўся вяскоўцам палаючым зарывам над Брэстам і нечаканым нашэсцем немцаў на веласіпедах. Яны амаль увесь дзень дружнымі калонамі спяшаліся па галоўнай вуліцы, гергеталі нешта незразумелае. Аднак нікога пакуль не чапалі. Пра фашысцкія зверствы жыхары вёскі даведаліся крыху пазней.
…Веры ішоў 16-ы год. Яе і старэйшага на год брата Міцю фашысты пад канвоем укінулі ў эшалон. Падлеткі яшчэ не ведалі, што іх накіроўваюць на прымусовыя работы ў Германію. Дома засталіся малодшыя Марыйка і Ванечка. Іх не ўзялі — надта малыя.
Вера і Міця трапілі ў вялізны маёнтак. Там ужо працавалі пад пільным наглядам баўэра некалькі дзясяткаў палонных палякаў і рускіх. Дзяўчыне “дасталася” паляводства, брат трапіў у суседняе мястэчка — на канюшню.
— Ой, дыточкы, і буракы палолы, картоплі выбыралы, брукву чыстылы, — узгадвае час юнацтва вязень Вялікай Айчыннай. — Колы на кухню траплялы, то за шчасце было лышны акраец хліба з’істы…
Вочы Веры Аляксандраўны напаўняюцца слязьмі — узгадваць тое цяжка, дый забыць немагчыма. Кармілі дзяўчат не ахці як — пару бульбінак, акраец хлеба і кавалачак масла, “чорна кава” — на сняданне. У абед — суп з бручкі з некалькімі крупінкамі. З такім кармленнем з голаду не падалі, але і сытымі не былі.
Адзіная радасць — сустрэча з братам Міцькам! Часам выпадала з ім бачыцца. Абдымаліся, плакалі ўпотай, пра бацькоў і вызваленне гаварылі. Неаднойчы Міця ёй прызнаваўся, што не можа больш трываць, збегчы хоча, Верачку клікаў. А тая ўпіралася: баялася гневу гаспадара, дый калі дзе праз раку шлях да радзімы праляжа — не пераплыве… Верылі абое, што нарэшце гэта ўсё скончыцца, што зноў убачаць сваіх родных, пройдуць басанож па нагрэтай сонцам сцяжынцы, сядуць на ганку бацькоўскай хаты, зацягнуць любімыя песні… Верылі і чакалі.
Час ішоў. Восень лета падганяла, пасля зімы ўсё жывое будзіла вясна. Веру, як руплівіцу, гаспадар перавёў на масла-сырны завод. Дзяўчына і тут спраўлялася лоўка і спрытна.
Аднойчы не стрымалася — абрэзаныя кавалачкі сыру схавала ў спадніцу. Сама не з’ела, пачаставала ласункам брата. Адзін, другі раз удалося. А на трэці — папалася, як тая мышка ў пастку на сыр. Гаспадар хацеў яе застрэліць, нават зброю наставіў. Праўда, вырашыў, што за такое злачынства — крадзеж — лёгкая смерць ад кулі надта простая для беларускай дзяўчыны. Яна трапіла ў канцлагер пад Кёнігсбергам. Яшчэ доўга ў хаце захоўваўся фотаздымак вязня ў турэмнай робе пад нумарам. Тая фотакартка даўно згубілася, аднак нумар, выпалены на целе, застаўся на ўсё Верына жыццё як напамін аб жыцці ў канцлагеры.
…Хто ведае, магчыма, падзяліла б дзяўчына са шматпакутнай беларускай зямлі лёс шматлікіх гаротнікаў, якія апошняе, што бачылі ў сваім жыцці, — нары і калючы дрот?.. Але яна, любіміца лёсу, выжыла: у канцлагер уварваліся вызваліцелі, і ўсе, хто мог, пакінулі гэтае смяротнае месца.
Пачаўся доўгачаканы шлях на Радзіму. Здавалася б, вось яна, побач, рукой падаць, і сніцца штоноч мілая вёсачка. Ды зноў расчараванне — Верачка моцна захварэла. Меркавала, што гэта брушны тыф. Ужо ў думках развітвалася з роднымі, бо ад спазмаў болю ў жываце губляла прытомнасць.
Асабліва балюча і прыкра было ёй развітвацца з доўгай касой — не давала коратка сябе стрыгчы, пад машынку. Ёй было сорамна знаходзіцца ў бараку для тыфозных абсалютна лысай. Каса — дзявочая краса, што тут папішаш…
Лекаў амаль не было. Што яе паставіла на ногі: клопаты ўрача, жаданне пабачыць бацькоў ці проста малады арганізм пераадолеў хваробу, але Вера акрыяла і стала папраўляцца.
Здавалася б, можна ехаць дадому. Ды лёс падрыхтаваў дзяўчыне чарговы іспыт — яе адправілі ў санітарным эшалоне на Далёкі Усход. Ёй давялося мыць раненых, бінтаваць іх, мыць бялізну — была санітаркай і прачкай.
І толькі 20 лютага 1946 года Вера вярнулася нарэшце дадому. Як яна рада была нарэшце абняць родных! Слёзы радасці цяклі з вачэй, і нельга было іх супыніць.
Вярнуўся дадому і брат Міця. Ён, як даведаўся, што сястру з-за сырнага пачастунка кінулі ў канц-лагер, зразумеў, што яго больш нічога не трымае на Нямеччыне і ўцёк дадому. Ішоў па начах, тросся ад любога шораху — баяўся аблавы, аднак вярнуўся ў родныя Свішчы.
Яшчэ адна радасць чакала Веру — вярнуўся з палону і Іван Гарошка, хлопец з суседняй вёскі. На яго нераўнадушна паглядала яшчэ дзяўчынаю. У 1948 годзе яны пабраліся шлюбам, нарадзілі чацвёра дзетак: сыноў Сяргея, Мікалая і Васіля і дачку Надзейку. Цяпер у Веры Аляксандраўны пяць унучак, два ўнукі і сем праўнукаў. З Іванам усё жыццё працавалі ў калгасе, адтуль і на заслужаны адпачынак пайшлі.
…І ў свае 93 з “хвосцікам” Вера Аляксандраўна Гарошка трымаецца малайцом, па-гаспадарску паглядае ў акенца, лашчыць ката і чакае гасцей — дзяцей і ўнукаў.

Popularity: 1%

Top