Парадак у “Шалашы”

За чатыры кіламетры ад вёскі Старое Сяло знаходзіцца помнік “Шалаш” байцам партызанскага атрада імя Чарнака. На гэтым месцы знайшлі апошні зямны прытулак партызаны Старасельскага атрада, які быў створаны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Спачатку білі ворага 60 мсціўцаў, а ў сакавіку 1944 года іх налічвалася ўжо каля 600 чалавек. Партызаны правялі 27 баявых аперацый, пусцілі пад адхон 13 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага, ладзілі дыверсіі, грамілі нямецкія гарнізоны ў вёсках Вялікарыта, Макраны, Навасёлкі, Азяты, Ракітніца, Чарняны, Старое Сяло і іншых.
У 1969 годзе на месцы пахавання партызан быў устаноўлены помнік у выглядзе шалаша, а побач — шыльда з імёнамі загінулых.
Сюды не зарастае народная сцяжынка, бо жыве памяць у сэрцах нашчадкаў. Вось і ў апошнія красавіцкія дні тут з’явіўся працоўны дэсант, каб навесці належны парадак. Шчыра і дружна папрацавалі тут старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Павел Заграй, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шык, старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі, кіраўнік Жабінкаўскага раёна электрасетак Дзяніс Шышчыц і іншыя неабыякавыя.
Валерыя МАРКОЎСКАЯ, першы сакратар РК “БРСМ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда