Выпраменьвае цяпло і творыць прыгажосць

Выпраменьвае цяпло і творыць прыгажосць


Надышла вясна, але зіма не жадае адступаць: то марозец падкіне, то сняжком запарошыць. З надыходам першага цяпла людзям хутчэй хочацца выйсці на вуліцу, у сад, агарод. А зімою яны займаюцца рукадзеллем у доме: хто вяжа, хто вышывае, хто стварае прыгажосць з бісеру… А вось Валянціна Васільеўна Лах, якая знаходзіцца на надомным абслугоўванні Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, круглы год стварае свае шэдэўры.
Наведалі Валянціну Васільеўну і надоўга палепшылі сабе настрой. Рэдка можна ўбачыць столькі розных цудоўных работ, такую прыгажосць, пагутарыць з цікавым чалавекам.
Нарадзілася і вырасла гэтая ўжо сталая жанчына ў Стрыганцы. Яе бацька загінуў на фронце, мама сама выхоўвала дочак Валю і Веру. Яшчэ ў школьныя гады дзяўчынка пачала займацца рукадзеллем: шыла адзенне сабе і суседзям не адмаўляла, вышывала, вязала. Многія ўхвалялі яе здольнасці і любаваліся работамі. Захапленне сваё не пакідала Валянціна Васільеўна і ў студэнцкія гады, хоць прафесію выбрала не творчую, а тую, што патрабавала дакладнасці і цярпення: медыцынская сястра. Пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча ў 1957 годзе прыйшла на працу ў Жабінкаўскую паліклініку, дзе 28 гадоў адпрацавала медыцынскай сястрой у кабінеце афтальмолага, а ўвесь яе працоўны стаж больш чатырох дзясяткаў.
Пад час гутаркі жанчына абмовілася, што гады цякуць вельмі хутка, як вада ў рацэ. Многа яе збегла з той пары, як шчасліва жылі ў шлюбе, гадавалі дачушку Танечку. Цяпер яна ўжо педагог Таццяна Аляксееўна. Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута працуе ў Скокаўскай школе Брэсцкага раёна. Здольнасці мамы спатрэбіліся дачцэ і тут: мама разам з дачкой вяжуць і шыюць касцюмы для вучняў, якія займаюцца ў тэатральнай студыі, што працуе пры школе і якой кіруе Таццяна Аляксееўна. У сукенках, звязаных мамай і самой настаўніцай, яна ходзіць на працу, а вучні не перастаюць любавацца стыльнасцю іх. Песціць бабуля сваіх унукаў: дарыць на святы рэчы, звязаныя ўласнымі рукамі ў эксклюзіўным экзэмпляры, якіх ні ў каго больш няма.
— Не вярнуць маладосці, кахання, але жыццё працягваецца і трэба радавацца кожным пражытым днём, адчуваць годнасць і вартасць свайго ўзросту, — гаворыць Валянціна Васільеўна. — Сумаваць мне на пенсіі няма часу. Я занята любімай справай, падбіраю эскізы для сваіх наступных шэдэўраў, захапляюся тэлевізійнымі серыяламі, аказваю суседзям, калі трэба, медыцынскую дапамогу.
У 2010 годзе, калі пасля смерці мужа засталася адна, Валянціна Лах папрасіла сабе памочніцу з аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. А цяпер цёпла пра яе гаворыць. Дапамагае жанчыне ў хатніх справах Марыя Дарашэнка, маладая жанчына, але таксама майстрыха-рукадзельніца, якая прыгожа вышывае, пляце з бісеру. Ёсць што абмеркаваць жанчынам у вольны ад работы час, падзяліцца сакрэтамі і вопытам.
Жанчына і вясна вельмі падобныя: яны дораць цяпло, саграваюць як сонейка. І ад такіх людзей усім навокал робіцца цяплей. Да іх адносіцца і Валянціна Васільеўна Лах. Здароўя вам, дабра, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця, Валянціна Васільеўна.
Алена БОЙКА, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top