Дэпутат у акрузе

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Стаціўка на мінулым тыдні сустрэлася са сваімі выбаршчыкамі на Жабінкаўшчыне. Жанна Уладзіміраўна правяла прыём грамадзян у райвыканкаме, потым выступіла перад працоўным калектывам раённай бальніцы, Крыўлянскага дзіцячага сада і рупліўцамі ААТ “Вазнясенскі”. Дэпутат цёпла павіншавала старшыню гаспадаркі Надзею Кандрацюк з перамогай у спаборніцтве сярод арганізацый АПК Брэстчыны па выніках работы за 2018 год.

Сярод лепшых — ААТ “Арэпічы”

Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз падвёў вынікі конкурсу на званне лепшага кіраўніка АПК Брэстчыны за 2018 год. Ушанаванне пераможцаў адбылося на базе ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”. Лідары былі вызначаны ў некалькіх намінацыях. Адзначылі таксама заслугі тых кіраўнікоў, якія вывелі на новы ўзровень далучаныя непаспяховыя сельгаспрадпрыемствы. Лепшым у гэтай катэгорыі быў прызнаны дырэктар ААТ “Арэпічы” нашага раёна Павел Шыдловіч. Віншуем Паўла Аляксандравіча і яго зладжаны калектыў з заслужанай перамогай!

Цукровы завод талентамі поўніцца

Фестываль “Планета талентаў” 3-4 мая сабраў у Мінску самых таленавітых прадстаўнікоў харчовай прамысловасці. Яго ўдзельнікаў аб’ядналі канцэрн “Белдзяржхарчпрам” і любоў да творчасці. Дарэчы, у гэтым годзе сапернічалі работнікі 30 найбуйнейшых прадпрыемстваў. Да музычнага спаборніцтва яны рыхтаваліся каля года, каб даказаць: умеюць здзіўляць не толькі “хлебам”, але і відовішчам. На грандыёзным шоу рэспубліканскага маштабу праявілі сябе і калектывы Жабінкаўскага цукровага завода — “Прысмакі”, “Раздолле” і “Разгуляй”, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца Тамара Дзікая, Аляксандр Чарнушыч і Галіна Міцковіч. Тры творчыя каманды падрыхтавалі агульную яркую праграму пад назвай “Дарогамі перамог”. Яна ўразіла журы і прынесла ўзнагароду нашаму “салодкаму” прадпрыемству. Жабінкаўцы сталі пераможцамі ў намінацыі “Лепшы фальклорны ансамбль”.

“Не пакідайце дзяцей адных!”

Пад такой назвай сёння на Жабінкаўшчыне стартавала рэспубліканская прафілактычная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага Дня сям’і і Дня абароны дзяцей. Яе мэта — прыцягнуць увагу да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах. Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях наведаюцца ў дзіцячыя сады і ўстановы адукацыі, шматдзетныя сем’і, арганізуюць разнастайныя тэматычныя гульнёвыя мерапрыемствы. Запланавана таксама цікавая святочная сустрэча з дзецьмі ў гарадскім Доме культуры ды іншыя прыемныя сюрпрызы. Ініцыятыва пройдзе ў чатыры этапы і працягнецца да 1 чэрвеня.

Усе трое каратыстаў вярнуліся з перамогай

У Мінску адбыўся Міжнародны турнір па кёкусінкай каратэ “Кубак мужнасці”. На ім выдатна выступілі выхаванцы трэнера Віктара Журомскага з аграгарадка Ленінскі і Буснёў. Ганаровае другое месца заваяваў Эдуард Пратасюк, “бронзу” — Мікіта Лугаўскі і Уладзіслава Мікуц. Юныя спартсмены атрымалі ад арганізатараў кубкі, каштоўныя прызы і масу прыемных уражанняў.

Маладзёжка ў Магілёве

Май наша маладзёжнае брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага сустрэла ў Магілёве. Спачатку яго прадстаўнікі разам са сваім кіраўніком айцом Максімам Волкам наведаліся ў духоўна-асветніцкі цэнтр імя свяціцеля Георгія (Каніскага). Гасцей чакала цікавая экскурсія па цэнтры, а таксама насычаная экспазіцыя ў яго музеі. Паездка дазволіла пазнаёміцца і з самім горадам, падчас прагулкі братчыкі пабывалі ў некалькіх храмах. Напрыклад, незабыўныя ўражанні пакінуў Спаса-Праабражэнскі сабор, цёпла віталі жабінкаўцаў у Свята-Нікольскім жаночым манастыры. На базе сабора Трох Свяціцеляў нашы братчыкі сустрэліся з мала-дзёжным аддзелам Магілёўскай епархіі і яго кіраўніком іерэем Віктарам Нікішовым. Кожны бок прадставіў сваю дзейнасць, пасля гэтага абмеркавалі магчымасці далейшага плённага супрацоўніцтва.

Popularity: 1%

Top