Апошняе аддзяленне

Апошняе аддзяленне

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.

Цяпер толькі старыя фотаздымкі, сабраныя бібліятэкарамі на выставе “Памяць вогненных гадоў” у ГДК, нагадваюць пра часы, калі парад пераможцаў збіраў сотні былых ветэранаў.
Многія памятаюць тыя часы, калі яркае майскае сонца зіхацела на баявых і юбілейных медалях, а яны, героі, хоць і пасівелыя, ды яшчэ жвавыя, усмешлівыя ішлі доўгай калонай на святочную ўрачыстасць. Некалі з іх можна было скласці цэлы полк. Затым — батальён… роту… узвод… Зараз у страі жыцця — апошняе аддзяленне.
ТАК, ЗАСТАЛОСЯ ЎСЯГО васьмёра жабінкаўцаў — непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў часоў Другой сусветнай вайны. Назавем іх пайменна.
Найстарэйшы, Казімір Іосіфавіч ЦЕРПІЛОЎСКІ з Лясотаў, у красавіку адзначыў сваё 96-годдзе. У вайну ён быў шарагоўцам Войска Польскага, якое разам з Чырвонай Арміяй ачышчала Еўропу ад карычневай чумы. Таму побач з савецкімі ўзнагародамі ветэран захоўвае і медалі Рэспублікі Польшча: “Грунвальд — Берлін. 1410–1945”, “За Варшаву”, “За Одру, Нісу, Балтыку” — у іх увесь яго баявы шлях.
Аднагодка Церпілоўскага Аляксей Філімонавіч ГУМЯНКА ўвесь век пражыў у Азятах. Было толькі адно значнае выключэнне — ваенны час, калі тэлефаніст 50-й гвардзейскай цяжкай гаўбічнай артылерыйскай брыгады дайшоў з баямі да самага Берліна. У нечым сімвалічна, што менавіта 9 мая 1945-га сувязіст-гвардзеец атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.
Міхаіл Ісакавіч МІХАЙЛОЎСКІ з Барздзілаў у вайну таксама падтрымліваў надзейную сувязь паміж сваёй батарэяй і штабам. За тое ў пераможным маі быў уганараваны вельмі паважаным у арміі ордэнам Чырвонай Зоркі.
У няпоўныя 18 гадоў апрануў салдацкую гімнасцёрку жыхар Азятаў Ярас Пятровіч КАЗАЧЭНКА. Яму выдалася пабачыць ліхалецце і на Захадзе, і на Усходзе. Пасля пераможных салютаў, што абвясцілі канец у Вялікай Айчыннай вайне, для радавога Казачэнкі не скончыўся баявы паход. Яму давялося паўдзельнічаць і ў вайне з Японіяй на Далёкім Усходзе.
Яшчэ трое нашых ветэранаў змагаліся супраць акупантаў у тыле ворага. Гэта былая вольнанаёмная ў арміі Вера Аляксандраўна ГАРОШКА са Свішчоў і партызаны: стараселец Іван Аляксандравіч АЛЕКСІЕВІЧ, Арсеній Васільевіч ЖУК з Вялікіх Якаўчыцаў і жыхарка Ракітніцы Валянціна Васільеўна ХМУРЭЦ.
Найперш у гонар колішніх удзельнікаў Вялікай Айчыннай, а таксама тых, хто працаваў у тыле, набліжаючы перамогу, альбо аказаўся пагнаным на прымусовыя работы ў Германію ці апынуўся ў нацысцкіх лагерах, гучалі словы падзякі на мітынгу 9 мая. На іх не скупіліся кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Візнер, вучаніца трэцяй гарадской школы Варвара Папковіч. Асабліва пранікнёна прагучала песня “Гэта проста вайна” ў выкананні Ірыны Шчэрбін.
Асобна адзначым святочную канцэртную праграму, што ладзілася ў ГДК з нагоды вялікага свята. Амаль дзве гадзіны найлепшыя калектывы і выканаўцы Жабінкаўшчыны дэманстравалі сваё багатае, надзвычай разнастайнае мастацтва. У чарговы раз парадавалі сваёй творчасцю вядомыя далёка за межамі раёна калектывы “Каларыт” і “Каруначкі”, аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай ДШМ і хор “Скарбніца”, ансамблі клуба цукровага завода і Вікторыі Міцковіч, эстрадны гурт “Аляксандр-парк” і мажарэткі Ірыны Паўлавай. Сапраўды ўпрыгожылі канцэрт госці з горада над Бугам — педагог-мастак пясочнай анімацыі Тамара Обысава з вучаніцамі Ульянай Мудрак і Златай Завадскай. Пад іх рукамі ажывалі карцінкі былой вайны, часы, калі ветэраны былі маладыя і ўзнімаліся ў бой за сваю і нашу свабоду.
На здымках: запамінальныя моманты святкавання 74-га Дня Перамогі ў Жабінцы.

 

Popularity: 1%

Top