Пальма першынства ў трэцяй гарадской!

Пальма першынства ў трэцяй гарадской!

На базе СШ № 3 Жабінкі адбыўся чарговы раённы этап злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, удзел у якім прынялі вучні ўсіх школ раёна.
Па-традыцыі мерапрыемства пачалося з урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь пад гукі Дзяржаўнага гімна. Поспехаў удзельнікам злёту пажадалі галоўны суддзя (начальнік аддзялення ДАІ Жабінкаўскага РАУС Віталь Ячнік) і сакратар спаборніцтваў (намеснік дырэктара Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Скрыпка).
Сёлета каманды спабо-рнічалі ў чатырох этапах-конкурсах: “Знаўцы правілаў дарожнага руху”, “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”, “Аказанне першай дапамогі пацярпеламу” і “Конкурсе агітбрыгад”.
Лепшыя веды правілаў дарожнага руху паказалі Мікіта Лугаўскі, Мікіта і Кацярына Міхальчукі з Ленінскай сярэдняй школы ды Лізавета Планкіна з Крыўлянскай адзінаццацігодкі.
Лепей за астатніх валодалі веласіпедам юныя інспектары дарожнага руху Аляксей Кальман і Сафія Лук’янчык (СШ № 3), Андрэй Чарнак (Старасельская школа) і Ясенія Лось (Ленінская школа). Лепшыя веды па аказанні першай дапамогі паказалі навучэнцы Ленінскай сярэдняй школы. Самымі яркімі і творчымі ў агітацыйна-мастацкім конкурсе аказаліся навучэнцы трэцяй гарадской, зладжанасць і арыгінальнасць нумара якіх уразіла прысутных.
Дарэчы, каманда СШ № 3
і заняла першае месца ў агульнакамандным заліку. Цяпер яна будзе абараняць гонар раёна на занальных спаборніцтвах. Зусім крыху саступілі лідарам прадстаўнікі Ленінскай школы, у іх другое месца. Трэцяй стала каманда Ракітніцкай сярэдняй школы. Трэба таксама адзначыць кіраўнікоў каманд, якія ўнеслі значны ўклад у добрыя вынікі сваіх навучэнцаў. Гэта педагогі Арцём Серада, Сяргей Балтрамяюк і Алена Зінчук.
За кожнае месца ў тройцы мацнейшых удзельнікі злёту ўзнагароджаны каштоўнымі грашовымі прызамі, а за ганаровае першае месца каманда трэцяй школы атрымала ў падарунак чарговы новенькі веласіпед. Яго набылі спонсары ПУТЭП “СеВаШтранс” (дырэктар Дзяніс Шурубейка) і індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Гумянка.
Антон ПАЦАЙ, метадыст Жабінкаўскага РЦТДіМ.

Popularity: 1%

Top