Ці можна эканоміку напоўніць паэзіяй?

Ці можна эканоміку напоўніць паэзіяй?


Можна. Калі ставіцца з душою да справы, да сваіх абавязкаў перад людзьмі, без якіх эканоміка траціць усялякі сэнс. Спадзяюся, у станоўчым адказе на пытанне, вынесенае ў загаловак, упэўніцеся і вы з нашай гутаркі са старшынёй СВК “Вазнясенскі” Н.Р.Кандрацюк.
— Надзея Рыгораўна, кіраўнік гаспадаркі — гэта выбарная пасада, а не прафесія. Хто вы паводле адукацыі і як выбіралі свой жыццёвы шлях?
— Родам я з сялянскай сям’і, дзяцінства правяла сярод цудоўнай палескай прыроды Лунінеччыны, і гэтага хапіла, каб на ўсё жыццё прыкіпець сэрцам да зямлі. Не стаяла перад выбарам. Скончыла школу і паступіла ў Столінскі сельгастэхнікум, вывучылася на бухгалтара. Пачаць працу пашчасціла ў маёй сённяшняй гаспадарцы, што называлася тады калгасам імя Чапаева, пад кіраўніцтвам Пятра Макаравіча Казулькі. Ён сам паклікаў мяне, выпускніцу-выдатніцу тэхнікума. Калгасу, як аказалася, не хапала не толькі бухгалтара, а і эканаміста працы і заработнай платы. Старшыня даручыў гэтую пасаду мне, за што ўдзячная яму дасюль. Вы не ўяўляеце, як гэта адказна і прыемна быць эканамістам! Яшчэ ніхто не бачыць, які эфект дасць тая ці іншая намечаная работа, а ты, усё разлічыўшы і ўзважыўшы наперад, ідзеш з дакладам: тут атрымаем прыбытак, а вось тут панясем страты і мусім прыняць неабходныя захады, зрабіць карэктывы. Прафесія так спадабалася, што я завочна закончыла Беларускі інстытут народнай гаспадаркі і стала эканамістам з вышэйшай адукацыяй. Дваццаць пяць гадоў, з 1976-га, працавала тут, прычым з 1985-га — галоўным эканамістам.
— Пасля чвэрці веку працы ў вёсцы вас “перавабілі” ў райсельгасупраўленне. Ахвотна перайшлі?
— Самі мяркуйце: я ж дачка вёскі, люблю яе жыццё, люблю выходзіць у поле. Ужо працуючы ў райцэнтры, па-ранейшаму не магла ўседзець дома, калі красавала збажына. Стаяла ўвечары на ганку і ўдыхала яе водар, услухоўвалася ў шэпт каласоў… Радавала, аднак, тое, што і мая праца ўкладваецца ў ніву, што я не здрадзіла прафесіі — на пасадзе намесніка, першага намесніка начальніка райсельгасхарчу адказвала за эканоміку сяла. На розных сходах і нарадах старалася давесці да кожнага кіраўніка гаспадарак, дзе ў яго пралікі, дзе ён недаатрымлівае збожжа або малака і мяса. Такой зацікаўленасці і адказнасці вучыла мая папярэдніца Алена Паўлаўна Ігнацюк, сапраўдная настаўніца! Ці змагу быць патрэбнаю так, як яна? — гэтае пытанне мяне не пакідала. І вялікае задавальненне адчувала, калі мая парада была карысная, калі старшыні гаспадарак пачалі звяртацца самі: і Валерый Мініч, і Барыс Парафянюк, і Аляксандр Семянюк, — словам, усе, хто разумеў і разумее, наколькі важныя эканамічныя разлікі.
— Цяпер у вас клопатаў не паменела, калі не наадварот? І ці справіліся ўжо з псіхалагічным адбіткам ад таго, што вы адзіная ў раёне жанчына — старшыня гаспадаркі?
— Вядома ж, я разумела, што будзе нялёгка, хай сабе СВК “Вазнясенскі” знаёмы, родны мне. Найцяжэйшае, але і найважнейшае — наладзіць узаемаадносіны з людзьмі. Мужчыне прасцей, напрыклад, ужыць моцнае слоўка, а мне трэба абыходзіцца без гэтага, праяўляць сілу характару іншым спосабам. Нацэльваю і сябе, і членаў праўлення, і спецыялістаў гаспадаркі штодзённа працаваць так, каб людзі ўсведамлялі, што яны, усе мы — адзіная сям’я. У нас агульныя палі і фермы, агульныя задачы, ад ажыццяўлення якіх залежыць дабрабыт кожнага. Няўхільную ўвагу ўдзяляем паляпшэнню ўмоў працы і быту, павышэнню заробкаў (дарэчы, з верасня мінулага года падвысілі іх на дзесяць працэнтаў усім работнікам). Які ў нас машынны двор, “Сельская праўда” пісала ўжо: адзін з самых лепшых у вобласці. Затое галаўны боль пакуль што — кароўнікі, дзе яшчэ многа ручной працы. Таму сёлета плануем пабудаваць дзве сучасныя фермы, прычым адну з іх гаспадарчым спосабам.
— Не так даўно ў “Вазнясенскім” прайшоў справаздачны сход, першы для вас. Вы задаволены ім?
— Вельмі. Прыйшлі на яго не толькі цяперашнія члены сельгаскааператыву, а і ветэраны працы, наёмныя работнікі, у зале не хапала крэслаў. Душа не магла нарадавацца тым, што людзі цікавяцца вынікамі года, перажываюць за перспектывы. Аднадушна былі ўхвалены планы на гэты год. Сёлета мяркуем павялічыць удвая агульную грашовую выручку ад раслінаводства і жывёлагадоўлі — з 11 да 22-23 мільярдаў рублёў. Рэзерв ёсць: павелічэнне продажу збожжа, узбуйненне дойнага статка і павышэнне надояў малака, яго тлустасці, далейшы рост рэнтабельнасці ялавічыны і іншыя.
На сходзе былі адзначаны каштоўнымі падарункамі лепшыя з лепшых працаўнікоў: аратыя Алег Дзенісовіч і Васіль Чмуневіч, загадчыца фермы Валянціна Асіпук і даярка Ларыса Сень, асемянатар Васіль Пікалюк і начальнік вытворчага ўчастка Аляксей Садаўнічык. Дазвольце праз газету выказаць удзячнасць таксама намесніку старшыні праўлення Пятру Вабішчэвічу, чыя вялікая заслуга найперш у нарыхтоўцы кармоў, галоўнаму ветурачу Сяргею Цімашуку, хто, здаецца, днюе і начуе на фермах, галоўнаму аграному Рыгору Панасюку. Пра апошняга ў мяне ёсць лірычны жарт. У час жніва позна ўвечары паглядзіш у поле — нічога не відно, толькі свеціцца агеньчык камбайна ды ўсмешка галоўнага агранома… Урэшце, дзякуй усяму калектыву.
— Сям’я працоўная, як вы назвалі кааператыў, робіцца ўсё больш згуртаванаю, а якая сям’я ў вас дома? Ці хапае часу на яе?
— Старэйшы сын мае сваю сям’ю, служыць у пагранічных войсках. А дома ў Вежках — другі сын, муж і маці, якую я перавезла з Лунінеччыны з-за слабога яе здароўя. Мужу Васілю вельмі ўдзячная, многа легла на яго плечы. Скажам, у нас не ўзнікае пытання, каму ўправіць гаспадарку ці згатаваць вячэру. Ён з разуменнем ставіцца, калі я затрымліваюся, каб зрабіць нейкі эканамічны аналіз, падрыхтаваць даклад, прачытаць сельскагаспадарчыя часопісы. Аднак не падумайце, што на дом я махнула рукой. Стараюся і для яго выкройваць час. Не хвалюся, проста канстатую: я цягавітая, вынослівая, і гэта закладзена з маленства. Бывала, бацька коле дровы, а я намагаюся дапамагчы яму. Смешна? Памкненне маё было ўсур’ёз…
— І ўсё ж калі б мелі больш вольнага часу, чым вы ахвотна займаліся б, маю на ўвазе захапленні?
— Люблю кветкі. Бачыце, якія прыгожыя вазоны на вокнах кабінета! А на сядзібе ў нас мноства ружаў, цэлая алея. Наогул наш падворак ужо двойчы на святах вёскі прызнаваўся найлепшым. Бывала б, зноў жа, часцей на прыродзе. Я люблю ўсе поры года: калі снег у твар; калі прачынаюцца палі, як зараз, і ажываюць азімыя; калі ідзе цёплы летні дождж; калі сцелецца залаты лістапад. І больш любавалася б жывымі стварэннямі: птушкамі, што заліваюцца спевамі, цяляткамі, што туляцца да рук…
— … і пісалі б вершы?
— Як вы здагадаліся пра вершы? З гэтых маіх слоў, няйнакш. Ну, так, захапляюся паэзіяй, іншы раз пішу сама. Радзей і радзей, на жаль, з нагоды.
Гутарыў Алесь КАСКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top