Урачыста і па-спартыўнаму адзначыла Жабінка Першамай

Урачыста і па-спартыўнаму адзначыла Жабінка Першамай

Першамай аб’ядноўвае кожнага, хто спрыяе росквіту нашага краю. Таму зусім невыпадкова менавіта ў гэты дзень на галоўнай гарадской плошчы абнавілася раённая Дошка гонару. На яе занесены назвы прадпрыемстваў і арганізацый Жабінкаўшчыны, асабістыя імёны землякоў, якія па выніках сваёй леташняй працы прызнаны найлепшымі (спіс падаецца ніжэй). Іх выдатная праца адзначана граматамі раённага выканаўчага камітэта.
Уганароўваючы пераможцаў, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі асобна вылучыў прадпрыемствы, што годна прадстаўляюць Жабінкаўшчыну на ўзроўні вобласці і ўсёй краіны. Гэта ПМК-10, прызнаная лепшай у сваёй галіне ў рэспубліцы, і адкрытае акцыянернае таварыства “Вазнясенскі”, занесенае на Дошку гонару Брэсцкай вобласці. Кіраўнік раёна з асаблівай цеплынёй падзякаваў жабінкаўцам, што дзейсна пашчыравалі на месячніку добраўпарадкавання, робячы яшчэ больш утульным і прыгожым наш край.
Са свайго боку, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк назваў пераможцу конкурсу сярод органаў мясцовага кіравання. За высокія паказчыкі ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва і забеспячэння комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця найлепшым у раёне прызнаны Ленінскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Мікалай Лугаўскі), сярод асабістых органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — стараста вёскі Чыжэўшчына Тамара Гацялюк.
Першамай — выключнае свята для прафсаюзаў, якія сёлета адзначаюць сваё 115-годдзе. З гэтай нагоды лепшыя старшыні прафсаюзных пярвічак Ірына Якубук, Жанна Трафімук і Віталь Вялько атрымалі граматы з рук кіраўніка раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны Калыбскай.
Свята Першамая па традыцыі было адзначана велапрабегам па гістарычных мясцінах Жабінкаўшчыны. Сёлета ён аб’яднаў больш за 150 чалавек. Першы прыпынак чакаў іх у Малых Сяхновічах, каля бюста Тадэвуша Касцюшкі. Аматары здаровага ладу жыцця мелі магчымасць прайсціся па залах гісторыка-краязнаўчага музея, паслухаць экскурсію, далучыцца да шматвекавой спадчыны роднай зямлі. Затым рушылі ў вёску Карды, дзе ўсклалі вянок да помніка тутэйшым камсамольцам, замардаваным 21 мая 1942 года акупантамі. У Вялікіх Якаўчыцах веласіпедысты спыніліся, каб аддаць даніну павагі мясцовым жыхарам, што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай. Паблізу Залуззеўскага шлюза ўдзельнікаў велапрабегу чакаў прыемны прывал, на якім кожны меў магчымасць паспытаць салдацкай кашы (за тое асобная падзяка начальніку гаспадарчага аддзялення вайсковай часці 92504 старшаму сяржанту Вользе Якунінай і байцам, што спраўна кашаварылі).
Апошняй кропкай падарожжа па родным краі сталі могілкі на вуліцы Міру ў райцэнтры. Вялікі вянок быў ускладзены да падножжа магілы мірных грамадзян, закатаваных карнікамі восенню 1943 года.
Анатоль РОСТАЎ.

Фота Святланы БЯЛЯК.

Popularity: 1%

Top