На апошнім рубяжы

На апошнім рубяжы

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На працягу 23 дзён, з 16 красавіка па 8 мая 1945 года, праходзіла вырашальная Берлінская аперацыя. З кожным выстралам набліжалася доўгачаканая Перамога. Апоўдні 25 красавіка войскі І-га Беларускага і І-га Украінскага франтоў намертва замкнулі кола вакол Берліна. Пачынаўся ярасны штурм фашысцкага “логава”.

НАШЫ ЗЕМЛЯКІ, каму пашчасціла пакручастымі франтавымі дарогамі дайсці да сцен германскай сталіцы, ператворанай гітлераўцамі ў цытадэль, сталі ўдзельнікамі таго штурму. “Апошні бой — ён цяжкі самы…” Шкада загінуць. Асабліва, як ты малады. Горка скончыць жыццё на апошнім рубяжы. Калі вось-вось скончыцца крывавая вайна. Міхаіл Пятровіч ЦЫПРЫНЮК (1921–1945) з Багданоў меў усяго 24 гады, калі прыйшло вызваленне ў родны край. 9 жніўня сорак чацвёртага ён атрымаў павестку з ваенкамата. Трапіў у 1283ці стралковы полк 60-й стралковай Сеўска-Варшаўскай дывізіі. Загінуў шараговец Цыпрынюк 24 красавіка 1945 года на паўночным захадзе ад Берліна ў ШонвальдэЗідлунгу. Хутка маці Ірына Якаўлеўна атрымала дрэн
ную вестку па ім ад палкавых камандзіраў. У той самы дзень, калі Цыпрынюк склаў галаву, іншы жыхар Багданоў раз за разам узнімаўся ў атаку. Баі ішлі на берлінскіх вуліцах, дзе кожны дом вораг імкнуўся ператварыць у сапраўдную крэпасць. Міхаілаў аднавясковец Васіль Дзямідавіч СТАНЧУК (1902–1945) стаў пад ружжо толькі позняй восенню сорак чацвёртага. У складзе 1216-га стралковага палка 364—й стралковай Тосненскай дывізіі ён дайшоў да Берліна. 28 красавіка 1945 года быў выдадзены загад. У ім значылася: чырвонаармец Станчук “з 24 па 27.04.45 г. дзейнічаў стойка і адважна”, а таму варты медаля “За адвагу”. Аднак яму не суджана было насіць узнагароду: у той самы дзень, калі быў надрукаваны загад, Васіль Дзямідавіч загінуў. Наадварот, шчаслівы лёс напаткаў іншага ўдзельніка штурму Берліна. Налезнікавец Мікалай Герасімавіч КІСЛЫ (1916–1990) нарадзіўся ў Першую сусветную вайну ў Тамбоўскай губерні, дзе яго сям’я была ў бежанцах. Паўдзельнічаць давялося ўжо ў Другой сусветнай. Прызваны 11 верасня 1944 года ў войска, Мікалай Кіслы стаў байцом 951-га стралковага ордэна Суворава палка 265-й стралковай Выбаргскай дывізіі. Дывізія была перакінута на фронт у навагоднюю ноч. Змагалася з ворагам пад Варшавай. Мікалай Герасімавіч вызначыўся 6 сакавіка 1945 года, за што атрымаў першы свой медаль “За адвагу”. Другі такі медаль зазіхацеў на кіцелі санітара 2-га батальёна малодшага сяржанта Кіслага ўжо ў пераможным маі. Ва ўзнагародным загадзе чытаем: “Пры ўдзеле ў вулічных баях у г. Берлін 1-2 мая 1945 года пад аб
стрэлам праціўніка аказваў першую медыцынскую дапамогу раненым і выцягнуў з поля бою 22 параненых чырвонаармейцаў”. 2 мая сорак пятага вызначыліся многія байцы Выбаргскай дывізіі. Так склалася, што ім давялося дзейнічаць непасрэдна ва ўрадавых кварталах горада, у тым самым “фашысцкім логаве”. Пагэтаму менавіта “выбаржцы” прымалі 2 мая капітуляцыю берлінскага гарнізона і ўзялі ў палон ажно шэсць германскіх генералаў. “Ураджайным” выдаўся дзень за тыдзень да канца вайны.
У 1990-м неабсяжная Савецкая краіна адзначала 45-я ўгодкі Перамогі. Гарады і вёскі 9 мая апрануліся ў святочныя кумачовыя “адзежы”, гучалі прамовы, салюты. І ў гэты самы дзень у сваёй хаце ў Налезніках памёр адзінокі ветэран Мікалай Герасімавіч Кіслы… На здымку: “віншавальная пасылка” Гітлеру ад байцоў-артылерыстаў: 20 красавіка Адольф Алаізавіч адсвяткаваў свой 56-ы дзень нараджэння, а 30-га застрэліўся ў сваім “логаве”.

Popularity: 1%

Top