Што зацікавіла ў прэзідэнцкай прамове?

Што зацікавіла ў прэзідэнцкай прамове?

Адразу пасля паслання Аляксандра Лукашэнкі, адрасаванага парламенту і народу Беларусі, пацікавіўся ў жабінкаўцаў, якія ўражанні атрымалі яны ад прамовы, што важнага пачарпнулі для сябе асабіста. Вось некаторыя адказы (па просьбе пэўных удзельнікаў апытання пакідаем у газеце толькі імёны).

Мікалай ГАЛАВЕЙКА:
— Усцешылі словы кіраўніка краіны наконт суверэнітэту Беларусі. Як гісторык, гатовы падпісацца пад словамі: “Неаднаразова перажыты вопыт раздзялення беларускага народа і перакройвання граніц прымушае нас высока цаніць сённяшняе адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць”. Выдатна, што дзяржава падтрымлівае шматдзетных і інвалідаў. І не толькі на словах. Прыкладам, яшчэ за тыдзень да выступлення Прэзідэнта ўступіў у сілу яго Указ “Аб пакрыцці мытных пошлін, падаткаў”, які гарантуе: дзяржава кампенсуе інвалідам і шматдзетным сем’ям 50 адсоткаў пошлін і падаткаў пры ўвозе з-за мяжы легкавога аўтамабіля. Мяне радуе таксама сапраўдная “зялёная” хваля, што ўзнялася на Радзіме. Маю на ўвазе пасадку дрэў у сталіцы і вялікіх гарадах, райцэнтрах і вёсках. Людзі робяць вялікую ўборку ў сваім жытле, населеным пункце, краіне. І гэта выдатна!
Раіса МЫШКАВЕЦ:
— Правільна было сказана: кожны раз, калі ўзнімаюць заробкі, тыя, у каго яны і так высокія, робяцца яшчэ больш заможнымі, а вось маламаёмасныя адчуваюць, што павышэнне іх не надта ўзбагачае. Даўно пара звярнуць пільную ўвагу на работнікаў, якія выконваюць сапраўды дзяржаўную справу, але праца іх ацэнена надзвычай сціпла. Я кажу пра сацыяльных работнікаў. Была ўзрадавана, калі пачула з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі пра планы прадоўжыць тэрмін атрымання сямейнага капіталу. Ведаю ад людзей, наколькі гэта добрая дапамога для шматдзетных сямей. Для сябе пачарпнула таксама тэзіс аб працаўладкаванні інвалідаў. Я ўзначальваю Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У нас у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў праходзіць рэабілітацыю і адаптацыю Алена Партнягіна, якая хоча стаць швачкай. І словы Прэзідэнта адрасаваны найперш такім людзям. Як выказаўся Аляксандр Рыгоравіч, патрэбна, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі мелі сапраўдную павагу ў грамадстве.
Вольга:
— Лічу — галоўнае жыць у сваёй краіне, будаваць яе, захоўваць мір і спакой. Важна, што з гэтага пачыналася прамова. Нягледзячы на розніцу ў меркаваннях, рэлігійных поглядах і г.д., мы ўсё ж павінны адчуваць сябе адным народам. Ніколі не згаджуся з тымі, хто гаворыць: няма такой нацыі — беларусы! Насамрэч (і пра тое гаварыў наш кіраўнік) надта дарагой цаной нам дасталася дзяржаўнасць, вельмі доўга мы ішлі да незалежнасці і нацыянальнай свядомасці, каб зараз вось так проста ад іх адмаўляцца.
Яўген САМУСКЕВІЧ:
— У прамове спадабалася, што было сказана пра інфармацыйную бяспеку. Прэзідэнт краіны слушна даводзіў: сучасныя сродкі камунікацыі, з аднаго боку, нясуць вялікую карысць, але, з другога, могуць спрыяць небяспецы. У яго словах чыталася, што людзі, асабліва моладзь, надта захапіліся інтэрнэтам, скуль часам чэрпаюць негатыў, дрэнныя прыклады. Як супрацоўніку міліцыі, на жаль, з гэтым выпадае сутыкацца. Шмат крымінальных спраў, дзе “полем бою” для злачынцаў становіцца віртуальная рэальнасць.
Іна:
— У выступленні Аляксандра Рыгоравіча для мяне было шмат карыснага, са многім згодна. Аднак хачу сказаць пра тое, чаго чакала, але так і не пачула. Маю на ўвазе стан роднай мовы. Вельмі хвалююся за яе, разумеючы, што гэта адна з асноў нашага народа. Таму занепакоена, якою наша пакаленне перадасць гэту неацэнную спадчыну дзецям, унукам. Вельмі хацелася б, каб у сваім звароце кіраўнік дзяржавы сказаў пра гэта. І калі з вуснаў такой аўтарытэтнай асобы прагучыць пасыл: беларуская мова — наша вялікае багацце, многіх тое прымусіць задумацца і спыніць дзівацкія размовы, што яна быццам “цяжкая”, “смешная”, “мужыцкая”.
Дзіяна КОЗАК:
— Дзякуючы прамове даведалася пра выбары ў Нацыянальны сход і Прэзідэнта краіны, якія адпаведна пройдуць у сёлетнім лістападзе (парламенцкія) і налетась (прэзідэнцкія). У мінулым годзе я ўпершыню ўдзельнічала ў выбарах дэпутатаў мясцовага ўзроўню. І цяпер думаю аддаць свой голас за годных кандыдатаў. На выбары пайду абавязкова.
Апытваў Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro