“СМІ ў Беларусі”

З 2 па 4 мая ў сталічным Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” будзе праходзіць ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Сярод іншых сродкаў масавай інфармацыі на выставе будуць прадстаўлены і некаторыя нумары “Сельскай праўды”, а таксама прэзентаваны праект Анатоля Бензерука “75 год. Ніхто не забыты, нішто не забыта!” да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

“Вазнясенскі” ў ліку лепшых

У Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце былі падведзены вынікі спаборніцтва за дасягнутыя ў 2018 годзе найлепшыя вынікі ў выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў, прамысловых, будаўнічых арганізацый, сферы паслуг, сувязі, устаноў культуры, медыцыны, транспарту і інш. Прыемна, што сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу ў ліку пераможцаў значыцца і наша ААТ “Вазнясенскі” — на ганаровым другім месцы пасля ААТ “АГРА-сад Світанак” Брэсцкага раёна. Пераможцаў у бліжэйшы час чакае ўзнагароджванне з занясеннем на Дошку гонару Брэсцкай вобласці.

Першамай на… веласіпедах

Сёлета 1 Мая наша краіна адзначыць не толькі Свята працы, але й 115-годдзе прафсаюзнага руху. Жабінкаўцы ў гэты дзень могуць прыняць удзел у велапрабегу, прысвечаным Першамаю, які стартуе з гарадской плошчы пасля адкрыцця раённай Дошкі гонару (у 9.30). Што для гэтага трэба? Быць сябрам прафсаюза, мець спраўны веласіпед, пажадана апрануць яркую камізэльку, захапіць добры настрой, каб лёгка пераадолець 30-кіламетровы маршрут, які амаль поўнасцю пралягае па асфальтаваных дарогах. Усе падрабязнасці па тэлефоне 69-5-61. Гайда з намі!

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top