Што вінен, аддаць павінен

Што вінен, аддаць павінен

Час далі на роздум — узяўся за розум

Нездарма ў народзе кажуць: “Круці, не круці, а што трэба заплаці”. Жабінкавец П. не звярнуў увагі на гэту мудрасць, і вось займеў праблемы ў выглядзе штрафаў на карысць юрыдычнай асобы, запазычанасці за крэдытаванне жылля. Іншымі словамі, шмат што назбіралася. У выніку была арыштавана яго машына. Ды аўто аказалася настолькі ў дрэнным стане, што двойчы выстаўлялася на продаж, але так і не знайшла пакупніка. Чалавек апынуўся ў безвыходным стане. Ім, вядома, зацікавіўся судовы выканаўца. І вось тады прачнулася сумленне. П. узяўся за розум, уладкаваўся на працу на камбікормавы завод. І цяпер, патроху пагашаючы запазычанасці, хутка пазбавіцца “звання” злоснага неплацельшчыка.

Бегае ад адказнасці

А вось грамадзянін К., пастаянны кліент ЛПП, зусім інакш адносіцца да гэтай справы. Даўгоў у яго — возам не перавязеш. А ён замест таго, каб, прыкладам, плаціць аліменты за дзіця, крэдыты, штрафы ў даход дзяржавы працягвае сваё існаванне, якое маральным ніяк не назавеш. Неаднойчы судовы выканаўца наведваўся да мужчыны ў “госці”. Аднаго разу К. нават пэўную суму пазыкі заплаціў. А потым, мабыць, каб яму больш не “дакучалі”, перасяліўся з Жабінкі ў Брэст… Цяпер грамадзянін у чарговы раз папраўляе здароўе ў прафілакторыі, дзе лечаць лекамі і працай.

“Якое дрэва — такі клін…

…які бацька — такі сын”, — так завяршаецца беларуская прыказка. Цалкам адпавядаюць ёй жыхары Агароднікаў Г. Бацька з сынам нідзе не працуюць, аднак стабільна выпіваюць. Гэта рэгулярна прыводзіць іх у ЛПП. Адміністрацыйныя парушэнні закона сталі для іх ледзь не жыццёвай нормай. Вяскоўцы неаднойчы назіралі, як двое Г. ідуць па дарозе, трымаючыся адзін за аднаго, каб не ўпасці. Штрафы, якія на іх вісяць, бацьку з сынам не клапоцяць. Так жыццё і праходзіць у абдымках з зялёным змеем.

Хачу назад — за… краты!

Спадар С. нядаўна вызваліўся, але турма розуму не дадала. Ён і цяпер прама кажа: “Хачу назад, што мне тут рабіць?” А што з ім рабіць іншым, калі на неплацельшчыку, быццам гіры на нагах, вісіць безліч штрафаў і запазычанасцяў, якія грамадзянін плаціць нават не збіраецца? Рытарычнае пытанне.

У даўгах даўно ўвяз

Беларусы кажуць: “Любіш браць — любі і аддаць”. Не, на такую любоў жабінкавец П., мабыць, нават і не разлічваў, калі ўлазіў у даўгі. Здаецца, ён ужо і рукі апусціў, настолькі шмат напазычаў, а цяпер яшчэ і працэнты растуць, быццам грыбы пасля дажджу. Увязнуўшы ў гэтым стане, П. ужо і не спрабуе адшукаць нейкую працу, каб мець пэўную капейчыну, з якой было б магчыма жыць і патроху вяртаць шматлікія даўгі.
Аляксандр КРУК, судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top