Жабінкаўскія міліцыянеры на другім месцы ў вобласці

Жабінкаўскія міліцыянеры на другім месцы ў вобласці


Асаблівае прызванне  — быць на варце спакою

З года у год у барацьбе са злачыннасцю Жабінкаўскі РАУС на добрым рахунку сярод іншых аддзелаў унутраных спраў Брэстчыны. Сёлета паводле вынікаў спаборніцтва, што нядаўна падведзена ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама, па ўсіх кірунках службовай дзейнасці жабінкаўскія міліцыянеры сталі другімі ў вобласці, саступілі першынство толькі калегам з Ляхавічаў.
— Атрымаць узнагароду за сваю працу ад кіраўніцтва прыемна, — гаворыць начальнік райаддзела падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Паўлавіч Жук, — аднак надзвычай важная для нас удзячнасць ад простых людзей. Іх шчырыя словы: “Спакой на вуліцах роднага горада ў руках людзей у пагонах” — чуць прыемна, хоць гэтая вера ў нашыя сілы выклікае дадатковую адказнасць. Сапраўды, галоўная мэта нашай службы — забеспячэнне надзейнасці і спакою жабінкаўцаў. Наводзім парадак і ў сваіх шэрагах: работнікам, што выклікаюць незадаволенасць у насельніцтва, лічу, не месца ў міліцэйскім страі. Прэстыж прафесіі на прамую залежыць ад таго, наколькі сумленным і адказным бывае кожны чалавек у пагонах — ад начальніка да інспектара і участковага. Патрабуецца асаблівае прызванне ў нашай службе, што вымагае не толькі фізічнай трываласці, але й маральнай адказнасці, нават самаахвярнасці.
Так, зладжаная, аператыўная, адказная дзейнасць супрацоўнікаў правахоўных органаў заўсёды навідавоку. Што стала складнікамі агульнага поспеху?
Найперш, адчуванне міліцэйскага сяброўства, лічыць Уладзімір Паўлавіч. Аддзел працуе як зладжаны арганізм, дзе кожны ведае сваё месца і прызначэнне.
У пэўнай ступені люстэркам райаддзела з’яўляецца дзяжурная часць. Сюды перш-наперш людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі, пакутамі, нават горам. Іх заўсёды выслухаюць адукаваныя, тактоўныя спецыялісты такія, як маёр Васіль Белянец. За гады службы ён навучыўся знаходзіць падыходы да кожнага ўсхваляванага чалавека пры высвятленні абставінаў здарэнняў, якія прымусілі набраць нумар 102.
— Адзін з найбольш яскравых паказчыкаў, паводле якога вызначаецца прафесіяналізм міліцыі, — працягвае размову У.П.Жук, — колькасць злачынстваў, што здзейснены, і іх раскрывальнасць.
У нашым раёне летась на 10 тысяч насельніцтва адбылося 92 злачынствы. Гэта прыкметна ніжэй за сярэдні паказчык па вобласці, дзе на такую самую колькасць жыхароў прыходзіцца 107 злачынстваў.
Немалая заслуга ў гэтым службы участковых інспектараў міліцыі на чале з маёрам Ігарам Пастушыным. Іх праца заўжды навідавоку, сярод людзей, патрабуе асаблівых чалавечых і прафесійных якасцяў. Імі вызначаюцца найперш старшы лейтэнант Сяргей Галоўчык — старшы участковы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі грамадскай бяспекі РАУС, што працуе ў Хмелеўскім сельсавеце, ягоныя калегі капітан Уладзімір Сава (Ракітніцкі сельсавет) і старшы лейтэнант Андрэй Казулька (Сцяпанкаўскі сельсавет).
— Радуе, што паводле вынікаў 2011 года нашы інспектары атрымалі першае месца ў вобласці, — гаворыць Уладзімір Паўлавіч. — Яны займаюцца прафілактыкай правапарушэнняў, не дапускаюць на сваіх участках цяжкіх злачынстваў.
Выдатна працавала служба вышуку, якую ўзначальвае маёр міліцыі Ілья Хвалько. Сярод лепшых — маёры Андрэй Лагота і Вячаслаў Шаноеў. У апошнія чатыры гады раскрываюцца ўсе без выключэння цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Прычым, жабінкаўскія праваахоўнікі нярэдка аказваюць неацэнную паслугу калегам з суседніх раёнаў. Так, імі былі выяўлены зламыснікі, што парушылі закон на тэрыторыі Ленінскага РАУС горада Брэста, у Камянецкім і нават Пінскім раёнах. Панеслі заслужанае пакаранне чатыры крымінальныя групы, якія здзейснілі масавыя крадзяжы ў Жабінцы і наваколлях.
Найлепшымі па выніках прафесійнага спаборніцтва на Брэстчыне прызнаны супрацоўнікі жабінкаўскай дзяржаўтаінспекцыі, якой кіруе капітан Андрэй Мядзведзь. За год адбыўся толькі адзін трагічны выпадак, у якім на дарозе загінуў чалавек. Агульным клопатам інспектараў усіх службаў РАУС стала прадухіленне няшчасных выпадкаў, калі пад коламі аўтамабіляў гінуць пешаходы ў нецвярозым стане.
— Добрыя ўзаемадзеянні нашых супрацоўнікаў з Дэпартаментам аховы, якім кіруе маёр міліцыі Ігар Камінскі, — падкрэсліў У.П.Жук. — Агульнымі намаганнямі намі раскрыта дванаццаць злачынстваў. Як выдатных прафесіяналаў мы ведаем маёра Анатоля Дзіўнова, прапаршчыкаў Мікалая Вараб’ёва і Сяргея Філіповіча. Дарэчы, нярэдка пасля заканчэння міліцэйскіх навучальных устаноў прадстаўнікі Дэпартамента прыходзяць у РАУС на афіцэрскія пасады.
Другой у вобласці стала сёлета крымінальна-выканаўчая інспекцыя на чале са старшым інспектарам маёрам Сяргеем Шыркаўцом. Умела працуюць прадстаўнікі аддзялення грамадзянства і міграцыі, якое ўзначальвае маёр Сяргей Кузьміч.
Інспекцыя па справах непаўналетніх складаецца ўсяго з трох чалавек. Яе на працягу года ўзначальвае старшы лейтэнант Васіль Бурко. За гэты час прыкметна скараціліся правапарушэнні ў асяродку падлеткаў, выяўлены малалетнія групы, што займаліся так званай “графіці”. Найбольш інтэнсіўная праца прыпадае на перыяд летніх канікулаў, калі клопатам школ, шматлікіх службаў, у тым ліку міліцэйскай, дзеці атрымлівалі не толькі добры адпачынак, але і займаліся грамадска-карыснай працай. Як вынік — амаль усе парушэнні закона сярод гэтай катэгорыі на Жабінкаўшчыне здзейснены прыезджымі непаўналетнімі.
Заўсёды на добрым рахунку супрацоўнік аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі старшы лейтэнант Аляксандр Лысюк, што мае ўзнагароды ад кіраўніцтва ўпраўлення. Ён удзельнічаў у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства, дзе заняў другое месца, і хутка будзе прадстаўляць Брэстчыну ў рэспубліканскім спаборніцтве.
— Ужо пачатак гэтага года паказаў, што ў раскрыцці злачыннасці супрацоўнікі Жабінкаўскага адзела ўнутраных спраў зноў упэўнена трымаюць першынство, — запэўніў начальнік райаддзела. — Гэта выклікае прыемныя адчуванні напярэдадні Дня міліцыі. Хочацца пажадаць усім калегам заўжды надзейна стаяць на варце правапарадку, моцнага здароўя, маральных і фізічных сіл у нялёгкай, але такой патрэбнай працы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: начальнік Жабінкаўскага РАУС У.П.Жук.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top