Непаўторная Жабінкаўшчына

Напярэдадні Дня друку ў беларускай сталіцы пройдзе традыцыйны журналісцкі форум. Карэспандэнты “СП” таксама будуць мець гонар прэзентаваць сваё выданне і ўсю нашу непаўторную Жабінкаўшчыну.

Жабінкаўскі раён самы маленькі ў Беларусі. Яго плошча ўсяго 684 кв. км, аднак талентам і дасягненням нашай зямлі могуць пазайздросціць многія значна буйнейшыя раёны.

Жабінкаўшчыну вылучаюць зручнае геаграфічнае становішча і развітая інфраструктура. Наша дыстанцыя пуці — найбуйнейшая па працягласці галоўных пуцей на Беларускай чыгунцы. Штодня на станцыі Жабінка спыняюцца каля 70 пасажырскіх цягнікоў. Адсюль магчыма без перашкод дабрацца ва ўсе абласныя цэнтры і нават да Масквы, Пецярбурга, Новасібірска. Раён амаль напалову падзяляецца “беларускім экватарам” — галоўнай шашой краіны М 1, што злучае Брэст з Мінскам і бяжыць далей зручнай хуткаснай стужкай да граніцы з Расіяй.

Не толькі ў Беларусі, але й далёка за яе межамі вядома прадукцыя “флагмана нашай індустрыі” — Жабінкаўскага цукровага завода. Гэта і не дзіўна: у сезон на перадавым прадпрыемстве харчовай прамысловасці штосуткі перапрацоўваецца больш за 8800 тон салодкіх карэнняў.

Вядучая сельскагаспадарчая галіна на Жабінкаўшчыне — жывёлагадоўля. Асабліва значныя поспехі ў вытворчасці малака: па ім наш край другі на Брэстчыне, займае ганаровы восьмы радок сярод усіх раёнаў Беларусі. Найлепшыя паказчыкі ў працаўнікоў ААТ “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі”.
Славу любому краю ствараюць яго людзі. Сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны сапраўдная зорка першай велічыні — першаадкрывальнік шматлікіх радовішчаў нафты і газу, акадэмік, доктар геалагічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна, лаўрэат трох дзяржаўных прэмій СССР і Расійскай Федэрацыі Андрэй Аляксеевіч Трафімук, які нарадзіўся ў вёсцы Федзькавічы.

Увогуле, у раёне ганарацца сваімі ардэнаносцамі. Рознымі высокімі дзяржаўнымі адзнакамі ўганараваны працоўныя дася-гненні больш за дзвюх з паловай соцень землякоў. Сярод іх 19 сталі кавалерамі найвышэйшай узнагароды Савецкага Саюза — ордэна Леніна.

Далёка за межамі Жабінкаўшчыны вядома творчасць нашых артыстаў, найперш калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”. У 2010 годзе юны спявак з Жабінкі Данііл Казлоў годна прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на прэстыжным дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне”. Самабытны народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” ў 2013-м быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта краіны.

У 2007 годзе Брэсцкім аблвыканкамам заснавана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка. Наш раён мае найбольшую колькасць лаўрэатаў гэтай прэстыжнай творчай узнагароды: першымі яе атрымалі ў 2008 годзе Алесь Каско і Расціслаў Бензярук, пазней уладальнікамі Калеснікавай прэміі станавіліся Анатоль Бензярук (2009 г.), Іван Арабейка (2012 г.), Анатоль Брытун (2014 г.).

Наш край зберагае старадаўнія традыцыі, мае багатую духоўную спадчыну. У раёне 70 помнікаў гісторыі і культуры. Трапяткая памяць захоўвае трагічны лёс “вогненнай вёскі” Драмлёва, увекавечанай у Хатыні. З розных зямных куткоў у старажытнае Хмелева прыязджаюць вернікі, каб атрымаць блаславенне ад настаяцеля манастыра айца Серафіма. Раён вядомы мясцінамі, знітаванымі з імем славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі, захоўвае дзясяткі іншых гістарычных мясцін.

Каб выдатна адпачыць і падлячыцца, госці з дзясяткаў краін свету наведваюць Жабінкаўшчыну. Тут, у цудоўным сасновым бары, напоўненым хваёвым водарам, месцяцца санаторыі “Буг” і “На-дзея”, іншыя месцы адпачынку для дзяцей і дарослых.
Чакаем, што летам, калі Беларусь будзе прымаць ІІ Еўрапейскія гульні, наш край не прамінуць шматлікія госці.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top