Азяцкі. Выезды ў сельсавет натарыуса Алесі Будзько — справа вельмі карысная. Людзям, асабліва пажылога ўзросту, не даводзіцца марнаваць час і сілы, каб дабрацца ў райцэнтр. 18 красавіка Алеся Георгіеўна дапамагла ў вырашэнні праблем шасці вяскоўцам. Гэта тычылася афармлення выезду дзяцей у Вялікабрытанію, права дачцэ атрымліваць пенсію за 90-гадовую маці, складання завяшчання, пытанняў, звязаных са спадчынай.
Жабінкаўскі. Туі, дэкаратыўныя кусты, маладыя бярозкі з 13 красавіка зелянеюць каля помніка землякам, што не вярнуліся з вайны, у Вялікіх Якаўчыцах. Добраўпарадкаваны таксама могілкі і іх наваколлі ў вёсцы Рачкі, у тым ліку пахаванні невядомых салдат.
Крыўлянскі. З кожным годам усё менш застаецца сведкаў, чыё дзяцінства і маладосць абпаліла вайна. У Крыўлянскім сельсавеце пражываюць два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і чатыры былыя вязні. Вызвалялі радзіму ад фашысцкіх захопнікаў Міхаіл Ісакавіч Міхайлоўскі з Барздзілаў і Вера Аляксандраўна Гарошка са Свішчоў. Не могуць успамінаць сваё маленства без слёз вязні Вольга Мікалаеўна Аксюцік, Марыя Рыгораўна Кулікова, Еўдакія Пятроўна Мядзведзь і Марыя Юр’еўна Ількіў. Усе яны не застаюцца без увагі блізкіх і родных. Да іх прыходзяць і дапамагаюць школьнікі, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, рэгулярна абследуе ўмовы іх жыцця старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук. Напярэдадні майскіх святаў ветэранаў і былых вязняў наведаюць і павіншуюць з пераможным маем прадстаўнікі раённай улады.
Ленінскі. Добраўпарадкаванне воінскіх захаванняў, помнікаў, брацкіх магіл часоў Вялікай Айчыннай вайны і бітваў розных эпох у Ленінскім сельскім Савеце праходзіла сёлета пад дэвізам “Працай узгадаем подзвіг тых часоў!”. Працоўны калектыў сельвыканкама, дзевяцікласнікі мясцовай школы з педагогамі, старасты і жыхары вёсак Бусні і Чыжэўшчына падчас рэспубліканскага суботніка наводзілі парадак на месцах памятных падзей. Цяпер вабяць вока яркімі фарбамі абеліскі Вялікай Айчыннай вайны і Крупчыцкай бітвы 1794 года ў вёсках Бусні, Чыжэўшчына, Хадасы і аграгарадку Ленінскі.
Сцяпанкаўскі. 25 красавіка спаўняецца 510 гадоў з часу першай згадкі паселішчаў Сяхновічы і Арэпічы. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1509-м выйшаў адмысловы каралеўскі прывілей на карысць баярына Касцюшкі Фёдаравіча. Як паведаміла дырэктар Жабінкаўскага раённага краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах Дзіяна Дубіна, мерапрыемствы, звязаныя з гэтай значнай датай, будуць праводзіцца ў рамках штогадовага Дня музеяў.
Хмелеўскі. У Хмелеўскім Доме культуры ў Вербную нядзелю адчынілася тэматычная выстава “Чэрэз нашэ сэльцэ”, прысвечаная светламу святу — Вялікадню. На ёй прадстаўлены работы навучэнцаў дзіцячай школы народнай творчасці ў жанрах выцінанкі і роспісу па шкле (кіраўнік Галіна Вашасцюк) і абрэзкавага шыцця (кіраўнік Ірына Навуменка).
На Вялікдзень у Хмелеўскім СДК адбудзецца святочны канцэрт з удзелам народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, узорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца” і юных спевакоў з гуртка дзіцячага эстраднага вакала, для якіх гэта будзе дэбютнае выступленне. Гасцей свята таксама чакаюць майстар-клас па вырабе велікоднай лялькі-мотанкі, народная забава “быткы” яйкамі і шмат сюрпрызаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top