Фэст экскурсаводаў завітаў у Жабінку

Фэст экскурсаводаў завітаў у Жабінку

Анатоль РОСТАЎ.

У мінулыя выхадныя, 13-14 красавіка, па ўсёй Беларусі ладзіўся дзясяты юбілейны Фэст экскурсаводаў. Прыемна, што сёлета ўпершыню да гэтай цікавай і карыснай справы далучылася і Жабінкаўшчына.

ЯК ВЯДОМА, з ініцыятывы ЮНЕСКА штогод 18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. З гэтай нагоды ў Беларусі ладзіцца Фэст экскурсаводаў, калі можна бясплатна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але й нават у невялічкіх цікавых паселішчах, багатых сваёй мінуўшчынай.
Ідэя фэсту нарадзілася ў 2009-м у асяродку людзей, неабыякавых да гісторыі Айчыны. З году ў год іх кола пашыраецца, таму юбілейны фэст выклікаў вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Агулам у тыя красавіцкія дні прайшло прыблізна 300 экскурсій. Дзве з іх у суботу, 13 красавіка, — па Жабінцы і нашым раёне.
Першую, веласіпедную, правяла жыхарка Кобрына Валянціна Бараноўская. Удзельнікі 52-кіламетровага падарожжа на колах, названага “Па старонках біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі”, стартавалі ад чыгуначнага вакзала ў Жабінцы. Затым наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у былым родавым маёнтку Касцюшак-Сяхновіцкіх (вёска Малыя Сяхновічы), Здзітаўскі Свята-Мікіцкі храм — помнік драўлянай архітэктуры пачатку ХVI стагоддзя, дзе пры жыцці маліліся пан Тадэвуш і яго родныя. Нарэшце, веласіпедысты праз шлюз паблізу вёскі Залуззе пераправіліся цераз Мухавец. Успамінаючы падзеі, што адбываліся на гэтых землях у ХVIІІ стагоддзі перад канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай, удзельнікі фэсту ўшанавалі каля капліцы ў Чыжэўшчыне памяць загінулых у Крупчыцкай бітве 17 верасня 1794 года.
А для тых, хто моцны духам, як Касцюшка, але не адважваецца на велаэкспедыцыю працягласцю ў паўсотні кіламетраў, жабінкаўскі краязнавец Сяргей Дзямідаў прапанаваў пешую экскурсію “З гісторыі Жабінкі”.
Атрымаўся запамінальны расповед пра вуліцы, размешчаныя ў цэнтральнай частцы горада. Дзякуючы дапытліваму даследчыку жабінкаўскай даўніны наведвальнікі нібыта апынуліся ў мястэчку 30-х — 50-х гадоў мінулага стагоддзя, пазнаёміліся з тым, дзе размяшчаліся старадаўнія яўрэйскія могілкі, воданапорныя вежы, колішнія касцёл, сінагога, будынак пасляваеннай рэдакцыі ды многае іншае.
Экскурсія нездарма распачыналася ад дома № 8а на вуліцы Савецкай, дзе месціцца цэнтральная раённая бібліятэка. Бо вельмі многія ў Жабінцы і па-за яе межамі ведаюць, як шмат робяць супрацоўніцы нашай “кніжнай палаты”, каб ніколі не знікаў агеньчык цікавасці да мінулага Жабінкаўшчыны ў яе жыхароў і гасцей.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top