Вялікае малако пачынаецца… са здаровага цяляці

Вялікае малако пачынаецца… са здаровага цяляці

Святлана КІСЛАЯ.

Аадбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, на якое былі запрошаны кіраўнікі, намеснікі дырэктараў па жывёлагадоўлі, галоўныя заатэхнікі вядучых сельгасарганізацый.
Удзел у пасяджэнні, якое вёў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, прымалі таксама начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і племянной справы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Юлія Леванчук і намеснік генеральнага дырэктара РСУП “Брэстплемпрадпрыемства” Ірына Майсакава. На гэты раз абмяркоўвалася развіццё малочнай жывёлагадоўлі і павышэнне эфектыўнасці аднаўлення статка.
Адкрываючы пасяджэнне, Дзмітрый Мікалаевіч акрэсліў сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў раёне ў цэлым і ў некаторых сельгасарганізацыях у прыватнасці.
— Даводзіцца канстатаваць, што не ўсё добранадзейна на малочна-таварных фермах. За першы квартал бягучага года атрымана 2677 цялят. Гэта “мінус” 111, ці ўсяго 96 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Адзначана вялікае выбыцце кароў з асноўнага статка, няпроста з захаваннем цялят. Калі і далей такая сітуацыя захаваецца — будучае малочнай жывёлагадоўлі раёна вельмі сумнеўнае. Давайце разам разбірацца, дзе дапушчаны памылкі і выпраўляць іх.
Мяркуючы па дакладах першага намесніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івана Міцкевіча, дырэктара племянной станцыі па Жабінкаўскім раёне РСУП “Брэстплемпрадпрыемства” Дзмітрыя Нікіціна і галоўнага ветурача раёна Міхаіла Чырука, усё нібыта не так кепска. За першы квартал надаілі 16490 тон малака — “плюс” 380 тон да мінулагагодняга ўзроўню. Прадукцыйнасць кароў таксама плюсуе на 2 кілаграмы.
Дзмітрый Мікалаевіч выказаў меркаванне, што з аднаўленнем статка ўжо ў бліжэйшы час могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы.
— За першы квартал бягучага года атрымана 222 мёртванароджаныя цяляці, зафіксаваны 93 аборты, — расказваў Іван Міцкевіч. — У нас шмат праблемных кароў, якія пасля ацёлу адпраўляюцца на мясакамбінат, бо маюць гінекалагічныя ўскладненні. Выбылі з асноўнага статка 854 рагулі (+39 да ўзроўню 2018 года).
Дарэчы, у сярэднім па раёне ў статку рагуля не дажывае да трэцяга ацёлу, дае за сваё жыццё два цяляткі. На кожную карову, якая выбыла, вырастае ўсяго адна рамонтная цялушка (не, паважаны чытач, яна нічога на фермах не рамантуе, а так называецца, бо ўводзіцца ў статак замест тых кароў, якія адправіліся на мясакамбінат).
— Гэта азначае, што статак не можа быць павялічаны, — канстатаваў Іван Іванавіч, — і ўжо ў бліжэйшы час не будзе хапаць нецеляў у ААТ “Ракітніца”, “Хмелева” і “Мацеевічы”.
Якое выйсце бачаць ветспецыялісты? На думку галоўнага ветурача Міхаіла Чырука, трэба забяспечыць здароўе статка (зменшыць выбыццё кароў), павялічыць захаванасць цялушак (ад нараджэння да першага ацёлу) і колькасць ацёлаў ад кожнай каровы хаця бы да трох. Перш чым адправіць рагулю “на каўбасу” з прычыны таго, што яна не пакрываецца (не зацяжарвае, калі гаварыць чалавечай мовай. А не народзіць цялятка — значыць, і малака не дасць), трэба паспрабаваць яе вылечыць, бо толькі за першы квартал сёлетняга года ў сельгасарганізацыях давялося пусціць “пад нож” 854 каровы — лічы, цэлую ферму!
Зразумела, праблемы ёсць і яны відавочныя.
— Жабінкаўшчына ўжо трэці год у сумных “лідарах” па выбыцці жывёлы, — падкрэсліла Юлія Леванчук. — Знізілася і колькасць атрыманага малака гатункам “экстра” — на 0,3 %, хаця ў раёне ўсё зроблена, каб мець якаснае малако. Чамусьці забываюць у гаспадарках ідэнтыфікаваць жывёлу, “губляюць” біркі. Разумею, праславуты “чалавечы фактар” правіць баль на Жабінкаўшчыне. Гэтага быць проста не павінна! Калі не зменіцца падыход да даручанай справы ўсіх задзейнічаных у малочным “ланцужку” — гэта шлях у нікуды. Спецыялістам не заўжды ўдаецца своечасова выявіць жывёлу, гатовую да асемянення — значыцца, набывайце спецыяльную сістэму актыўнасці жывёлы, якая ўжо зарэкамендавала сябе ў ААТ ”Рагазнянскі” і “Ракітніца”. Ялавыя і недалечаныя каровы не могуць складаць аснову статка. За імі не можа быць будучага. Варта памятаць: вялікае малако пачынаецца са здаровага цяляці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top