Будуць яшчэ медалі ў скарбонцы!

Будуць яшчэ медалі ў скарбонцы!

Па выніках конкурсу “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, што ладзіўся ў трэцяй гарадской школе і ў якім прынялі ўдзел першакласнікі ўстановы і іх бацькі, пераможцам прызнана сям’я Яновічаў — тата Аляксандр, мама Марыя і дачушка Верачка (на здымку). Яны ўзнагароджаны дыпломам І-й ступені і арыгінальнымі медалямі. Мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з сям’ёй, якая годна вытрымала ўсе іспыты спартыўнага конкурсу і стала ў ім лепшай.
Басейн, пілатэс і лазня
Што прымушае чалавека змяніць свой звыклы лад жыцця, зрабіць яго больш актыўным, уключыць прабежкі і фізічныя практыкаванні, заняткі спортам? Прычын для гэтага можа быць многа: жаданне палепшыць здароўе, скінуць лішнія кілаграмы, прыклад сяброў, даніна модзе і іншыя. Марыя Яновіч прызналася ў размове, што калісьці ёй арганізм сам “падказаў”: фізічнай актыўнасці і нагрузак яму патрэбна больш. Тады яна пачала хадзіць у басейн спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” і плаваць. З цягам часу да плавання дадала заняткі фітнесам, якія вяла Людміла Гаўрылюк. Ад іх атрымлівала вялікае задавальненне, бадзёрасць і добры настрой. Дома сама займалася ёгай. Цяпер у раскладзе Марыі Яновіч — заняткі пілатэсам, якія ў “Студыі-А” для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця праводзіць Святлана Рай. Маша патлумачыла: пілатэс — гэта серыя практыкаванняў, якія выконваюцца ў павольным тэмпе. У выніку рэгулярных заняткаў умацоўваюцца мышцы, аздараўліваюцца суставы, знімаюцца напружанне і болі ў целе, нармалізуюцца вага і сон, паляпшаюцца пастава і агульнае самаадчуванне.
Мая суразмоўніца рэгулярна наведвае лазню, якую лічыць крыніцай здароўя. Пасля яе — абавязкова ўсходні расслабляльны масаж, які доўжыцца 40 хвілін.
Як гаспадыня, Маша клапоціцца і пра здаровае харчаванне сваёй сям’і. У рацыёне кашы, салаты з зелянінай, фрукты, гародніна. Часта гатуе на пары, перавагу аддае тушэнню, а не смажанню. Стараецца, каб стравы былі не толькі смачнымі, але й карыснымі.
Кожную раніцу — зарадка
Саша Яновіч з дзяцінства сябраваў са спортам і быў фізічна актыўным. У школьныя гады наведваў секцыі па валейболе, футболе, каратэ, турыстычны гурток, што дзейнічалі на базе першай адзінаццацігодкі, дзе вучыўся, і раённага цэнтра пазашкольнай работы. Калі ў руках трымаў атэстат аб заканчэнні школы, ваганняў наконт выбару будучай прафесіі не было. Аляксандр паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на факультэт фізічнага выхавання (спецыяльнасць “Трэнерская работа”).
З трэцяга курса вучобу сумяшчаў з працай: быў інструктарам-метадыстам па плаванні ў СК “Бадзёрасць” і вёў заняткі па таэквандо з вучнямі Ленінскай і Ракітніцкай школ. Будучы студэнтам, у складзе каманды нашага раёна неаднаразова абараняў гонар Жабінкаўшчыны на абласных спаборніцтвах па шматбор’і, дзе жабінкаўцы станавіліся пераможцамі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Саша быў накіраваны ў родны раён, дзе на працягу двух гадоў рупіўся ў Жабінкаўскай ДЮСШ трэнерам па гульнёвых відах спорту. Затым развітаўся з трэнерскай дзейнасцю і падаўся ў бізнес, але не развітаўся са спортам і фізкультурай, без якіх не ўяўляе свайго жыцця.
Кожную раніцу Аляксандр Яновіч пачынае з зарадкі. Робіць яе на свежым паветры. На запаветнае месца (а гэта былая тэрыторыя гарадскога пляжа) дабіраецца на веласіпедзе. На працягу 40 хвілін выконвае розныя практыкаванні і вяртаецца дамоў. Як і Маша, Саша вялікі аматар лазні, наведвае таксама басейн. Поры года дыктуюць свае прыхільнасці: летам Аляксандр аддае перавагу пляжнаму валейболу, зімою — лыжам. Сёлетняя зіма выдалася снежнай і марознай, дала магчымасць усім, хто любіць гэты від спорту, атрымаць сапраўдную асалоду ад катання на лыжах.
Спартыўныя традыцыі
маюць прадаўжэнне
У сям’і Аляксандра і Марыі Яновічаў растуць дзве дачушкі. Як узгадвалася вышэй, старэйшая Верачка — першакласніца трэцяй гарадской школы. З чатырох гадоў яна займаецца плаваннем у трэнера Людмілы Гаўрылюк, з пяці — танцуе ў “Каруначках”. Зараз дзяўчынка рыхтуецца да рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія адбудуцца ў маі ў Мінску. У размове яна прызналася, што марыць вярнуцца са сталіцы з узнагародамі. У будучым і маленькую Тасю, якой толькі годзік і чатыры месяцы, бацькі таксама плануюць аддаць на плаванне. Шчыра веру, што ў скарбонцы ўзнагарод сям’і Яновічаў будзе яшчэ нямала медалёў!

Popularity: 1%

Top