Шмат на Русі Івановых

Шмат на Русі Івановых

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Так, вельмі шмат носьбітаў гэтага распаўсюджанага прозвішча. Тысячы Івановых з розных куткоў неабсяжнага Савецкага Саюза ўдзельнічалі ў вайне. Трапляліся паміж імі і генералы, і Героі Савецкага Саюза, былі і простыя байцы ды афіцэры, што склалі свае галовы ў змаганні за Радзіму. Двое Івановых загінулі пры вызваленні Жабінкаўшчыны падчас Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі.
АДНАК ПАЧНЕМ РАСПОВЕД з таго, хто не мае дачынення да нашага краю, але памылкова трапіў у спісы загінулых пад Жабінкай. Размова пойдзе пра малодшага сяржанта Івана Ільіча Іванова (1903–1944).
У кнізе “Памяць” Жабінкаўскага раёна прыведзена дата і месца ягонай гібелі — 8 ліпеня 1944 года, вёска Пятровічы. Той, хто ствараў спісы воінаў, загінулых пры вызваленні Жабінкі і яе наваколляў, не ўлічыў дзве акалічнасці. Па-першае, баі за нашы мясціны працягваліся 18-22 ліпеня. Па-другое, населеныя пункты з назвай Пятровічы маюцца далёка не толькі на Жабінкаўшчыне.
Як сведчаць архіўныя дакументы, старшы сяржант Іваноў загінуў ля вёскі Пятровічы тагачаснай Баранавіцкай вобласці, у якую ўваходзілі 26 раёнаў. З іх толькі два — Навамышскі (з 1957 года завецца Баранавіцкім) і Ляхавіцкі — цяпер у межах Брэсцкай вобласці.
На месцы Івана Ільіча ў “Памяці” і на мармуровых плітах ля помніка на вуліцы Кірава ў Жабінцы павінен значыцца зусім іншы чалавек. А менавіта — нараджэнец Смаленшчыны, камандзір узвода 307-га стралковага палка 61-й стралковай дывізіі лейтэнант Якаў Іванавіч ІВАНОЎ (1903–1944). Паранены ў баі, ён быў дастаўлены ў 22-гі медсанбат, дзе і памёр 22 ліпеня 1944 года. Цела лейтэнанта Якава Іванова першапачаткова пахавалі ў вёсцы Глыбокае.
Іншаму савецкаму афіцэру з прозвішчам Іваноў усё ж знайшлося месца ў раённай гісторыка-дакументальнай хроніцы. Старшы лейтэнант Арсенцій Афанасьевіч ІВАНОЎ (1903–1944) нара-дзіўся ў Марыйскай АССР. Вайну пачаў у сорак першым, быў узводным 1326-га стралковага палка 415-й стралковай дывізіі. Ён камандаваў вынішчальна-супрацьтанкавай батарэяй 45-мілімітровых гармат. Асабліва Арсенцій Іваноў і яго байцы вызначыліся
13 студзеня 1944 года ў баі на Гомельшчыне. За вызваленне Мазыра дывізія атрымала ганаровае найменне “Мазырская”, а шматлікія яе воіны — у тым ліку “наш” Іваноў — урадавыя ўзнагароды (Арсенцій Афанасьевіч стаў кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі).
Летам сорак чацвёртага пачалася Люблін-Брэсцкая аперацыя. Падчас яе Беларусь цалкам ачысцілася ад ворага. 415-я дывізія рухалася з баямі па Палессі. 14 ліпеня яна ўвайшла ў Пінск, за бліскучае вызваленне старажытнага горада баявы дывізійны штандар упрыгожыў ордэн Чырвонага Сцяга. Далей на шляху былі Кобрын, Жабінка, Брэст. Старшы лейтэнант Іваноў не дажыў да канчатковага выгнання немцаў з беларускай зямлі. Паранены, ён памёр 26 ліпеня 1944 года і быў пахаваны ў цэнтры вёскі Салейкі.
Як бачым, ва ўсіх трох Івановых, пра каго ішла размова, аднолькавыя не толькі прозвішчы, але й даты жыцця. Магчыма, і гэта сыграла дрэнны жарт са складальнікамі першапачатковых спісаў воінаў-вызваліцеляў, што знайшлі апошні спачын у нашай зямлі.
На здымку: карта Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі, якая пачалася 18 ліпеня 1944 года баямі за Жабінкаўшчыну.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro