На рэспубліцы — у ліку прызёраў

На рэспубліцы — у ліку прызёраў

Алёна НІКАНЧУК.

Навучэнцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната прынялі ўдзел у адкрытым чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па зроку і апорна-рухальнага апарата, які праходзіў 6-7 красавіка ў Мінску. Спаборніцтвы былі арганізаваны Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь сумесна з Паралімпійскім камітэтам Беларусі.
Жабінкаўцы заваявалі трэцяе месца ў асабіста-камандным першынстве па лёгкай атлетыцы сярод школ для дзяцей з парушэннямі зроку. Гэта значная і важкая перамога! Віншуем выхаванцаў школы-інтэрната, якія годна прадставілі Брэстчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах, з такім выдатным вынікам. Саступіць давялося гродзенцам, што сталі пераможцамі, і прадстаўнікам Мінскай вобласці, якія былі другімі.
Ёсць у скарбонцы нашай каманды і асабістыя дасягненні. Так, першыя месцы заваявалі васьмікласнік Аляксандр Ляшко (бег на 60 метраў) і адзінаццацікласнік Аляксандр Зінковіч (штурханне ядра). На другім месцы ў скачках у даўжыню з разбегу апынулася дзесяцікласніца Настасся Андрыянава, у бегу на 60 метраў — навучэнец адзінаццатага класа Сяргей Падлескі.
Трэба адзначыць: выхаванцы школы-інтэрната ў другі раз прынялі ўдзел у такіх спаборніцтвах. Асаблівасць складу каманды сёлета ў тым, што ў ёй, акрамя слабавідушчых удзельнікаў, выступіў невідушчы Аляксандр Ляшко. На старт Саша выйшаў разам са сваім трэнерам Сяргеем Кісляком, з якім быў злучаны спецыяльным гумавым канатам. Дыстанцыя пакарылася бегунам за 9 секунд. Такі выдатны вынік прынёс перамогу Аляксандру, які сваім прыкладам паказаў іншым невідушчым дзецям, што ўдзел у спаборніцтвах і перамога — рэальная магчымасць.
Дамоў навучэнцы школы-інтэрната вярнуліся з заслужанымі ўзнагародамі: медалямі і дыпломамі І і ІІ ступеняў у асабістым заліку і ІІІ-й — у камандным. Жадаем новых паспяховых стартаў і перамог!

Popularity: 1%

Top