Цяплом, святлом, любоўю адарылі

Цяплом, святлом, любоўю адарылі

 

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сям’я для кожнага з нас — самае каштоўнае ў жыцці. Гэта астравок цяпла, радасці і святла, дзе пануюць любоў, узаемапавага, лад і згода. Спакон веку асаблівай павагай у грамадстве карысталіся шматдзетныя сем’і. На Жабінкаўшчыне іх сёння 465, 40 матуль уганараваны ордэнам Маці. Такія ўнушальныя лічбы агучыла намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, адкрываючы раённы конкурс “Лепшая шматдзетная сям’я”. Ён сабраў у мінулую пятніцу ў зале гарадскога Дома культуры вялікую колькасць шчырых гледачоў — бацькоў і дзяцей, дарослых і школьнікаў, што горача падтрымлівалі ўдзельнікаў спаборніцтва. Чатыры жабінкаўскія сям’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзетак, не пабаяліся выйсці на сцэну і прадэманстраваць свае здольнасці і таленты, згуртаванасць і ўзаемападтрымку, любоў і павагу адзін да аднаго.
Сем’і Яскічаў з Сакалова, Міх-невічаў і Прыймачукоў з Жабінкі, Ільківаў з Мацеевічаў з дапамогай прэзентацый расказалі пра гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі, працоўныя, творчыя і спартыўныя поспехі. Прадставілі ўдзельнікі конкурсу і сацыяльна значныя праекты “Мая сям’я — мая краіна”, дзе адлюстравалі свой уклад у грамадска-карыснае і культурнае жыццё рэгіёна.
Як выявілася падчас візітоўкі, у Пятра і Іны Міхневічаў сапраўды сям’я, бо складаецца з сямі “Я”: Ён, Яна ды пяцёра сыноў, самы старэйшы з якіх — Сяргей — ужо звіў уласнае сямейнае гняздзечка і разам з жонкай гадуе дачушку.
А вось у Крысціны і Андрэя Прыймачукоў, наадварот, падрастаюць будучыя нявесты — дачушкі-прыгажунькі Саша, Даша, Наташа і Насцечка.
Па трое дзетак выхоўваюць Мікалай і Святлана Яскічы — сына Ілью ды дачушак Соф’ю і Дар’ю — і Таццяна з Юрыем Ільківы, якім, мабыць, найскладаней выступаць давялося, таму што паўтарагадовы Алёшка амаль не злазіў з маміных рук, а трохгадовая Варвара настойліва патрабавала ў таты мікрафон, каб прачытаць верш. Жэнька ж, як самы старэйшы, вёў сябе па-даросламу стрымана і паважна, дэкламаваў вершы, іграў на акардэоне.
Наступны этап конкурсу пад назвай “Мы таленавітыя”, якому папярэднічала выстава ў фае ГДК, паказаў, што ўсе ўдзельнікі: і таты, і мамы, і дзеці — творчыя, здольныя, па-свойму крэатыўныя. Гаспадыні захапляюцца рукадзеллем і кветкаводствам, фатаграфіяй і шыццём, смачна гатуюць. У гэтым змагло пераканацца шаноўнае журы, паспытаўшы іх кулінарныя шэдэўры.
Гаспадары ж аддаюць перавагу рыбалцы і футболу, ігры на гітары і разьбе па дрэве. Прысутных уразілі малюнкі Юрыя Ільківа, на якіх краналі сваёй велічнасцю храмы, з якіх, як жывыя, паглядалі розныя жывёлы і птушкі.
Не пакінулі раўнадушнымі вырабы сям’і Міхневічаў, у якой матуля Іна, не так даўно ўзнагароджаная ордэнам Маці, вяжа, вышывае і карціны ў розных тэхніках стварае. А сям’я Яскічаў уразіла сваімі спевамі, танцамі ды жартамі (нездарма, галава сям’і — удзельнік народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, а ўсе трое дзетак выступаюць у слынным фальклорным калектыве “Дараносіца”).
Ільківы ад іншых удзельнікаў конкурсу таксама не адставалі — песні пад гітару спявалі і вершы дэкламавалі. А сям’я Прыймачукоў скарыла сваімі фотаздымкамі і відэапрэзентацыяй.
…Нарэшце доўгачаканы момант — аб’яўленне самай лепшай шматдзетнай сям’і. Як прызналася старшыня журы конкурсу Галіна Аксюцік, вызначыць пераможцу было няпроста. Таму што ўсе сем’і-ўдзельнікі годныя, таленавітыя, усе ўклалі душу ў падрыхтоўку да конкурсу і падзяліліся падчас яго сваім цяплом, святлом, любоўю. Але ўсё ж найлепш гэта атрымалася, па меркаванні журы, у сям’і Ільківаў. Таццяна і Юрый з дзеткамі першымі прымалі віншаванні і пажаданні годна выступіць на абласным этапе конкурсу.
Ну і якое ж свята без падарункаў ад мецэнатаў? Дыпломы, кветкі і прэзенты сям’і-пераможцы і ўдзельнікам-прызёрам падрых-тавалі Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання і раённае аб’яднанне прафсаюзаў. А святочны настрой усім прысутным дапамагалі ствараць салісты Наталля Сяргеева, Ірына Шалонік, Вольга Чэрнік, Марыя Філаненка, Варвара Ганчар і танцавальны калектыў “Непаседы”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top