Пасвячэнне ў чытачы на Жабінкаўшчыне

Пасвячэнне ў чытачы на Жабінкаўшчыне


Чытачамі сталі першакласнікі

Два дні ладзілі свята бібліятэкары раённай дзіцячай бібліятэкі для першакласнікаў СШ №1 і СШ №3 — пасвячэнне ў чытачы. Нам прыемна было вітаць іх: здаецца, хлопчыкі і дзяўчынкі толькі-толькі, як тыя птушаняты, вылецелі з гнязда дзіцячых садзікаў, а вось ужо сталі вучнямі сярэдніх школ, адразу на сотню чалавек папоўнілі дзіцячую сябрыну нашай бібліятэкі.
Пралогам мерапрыемства была гульня з казачнымі героямі Дамавіком і Лісіцай (з лялькамі ўпраўлялася маладая бібліятэкарка Марына Кавыліна), а потым пачалося знаёмства з бібліятэкай. Дзеці даведаліся, што тут ёсць два аддзелы — абанемент і чытацкая зала, што на кожнага чытача заводзіцца фармуляр, куды запісваюцца кніжкі, выбраныя чытачом. Яны таксама запомнілі, што кніжкі выдаюцца на 15 дзён, пасля чаго іх трэба вярнуць ці прадоўжыць тэрмін звароту. А што кнігі ёсць вельмі вялікія і зусім маленькія, дзеці ўбачылі на выставе “Дзіўныя кніжкі”.
Затым вядучая паведала, якія трэба выконваць правілы карыстання кнігай, каб яна доўга заставалася цэлай і акуратнай. Правіла першае: калі ты ўзяў кніжку новую, прыгожую, чыстую — такую павінен і вярнуць. Правіла другое: паводзь сябе ў бібліятэцы ціха, бо гэта не спартыўная зала, тут нельга нават голасна размаўляць, кніжкі ж таксама любяць цішыню. Важнае правіла трэцяе: узяў кніжку з паліцы, але раздумаў браць дахаты — пастаў яе на месца, таму што кніжкі на паліцах стаяць у строгім парадку, які парушаць няможна, інакш яны згубяцца. А правіла чацвёртае — вярні кнігу ў тэрмін — дысцыплінуе чытачоў.

Потым зноў была гульня лялек. Калі Лісіца запыталася ў дамавічка Кузі, ці можна на аконным шкле перавесці малюнак з кніжкі, дык той забедаваў, што яна так пашкодзіць лісты. Дзеці таксама даведаліся, што ў кніжку нельга класці кветачкі, галінкі, ручкі, алоўкі, а патрэбна выкарыстоўваць кніжную закладку.
Разабраўшыся ў тонкасцях бібліятэчнага абслугоўвання, захаванасці кніжнага фонду і правілах паводзін у бібліятэцы, хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у гульні “Адкажы правільна”, вымавілі хорам “клятву чытача”, запісаліся ў бібліятэку, выбралі сабе цікавыя і патрэбныя кніжкі. Кожны маленькі чытач атрымаў закладку з тэкстам “клятвы”, адрасам бібліятэкі і звесткамі пра час яе работы. З прыўзнятым настроем дзятва накіравалася па веды ў школу, нязменная памочніца якой — бібліятэка.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top