Накарміце Дзяніса!..

Накарміце Дзяніса!..

Накарміце Дзяніса!..

Можа, Дзянісу Р. з Жабінкі, прачытаўшы загаловак, захочацца самому ўдакладніць: “Лепей напішыце: дайце выпіць Дзянісу!” Бо, сапраўды, падкі да спіртнога нос ураз вынюхае, дзе “гарачыцельнае” стаіць. Што тычыцца ежы, дык гэта ж — закуска!..
Як скончыўся летась сельскагаспадарчы сезон, людзі заняліся хатнімі справамі, а таму рэдка наведваліся ў свае дачныя домікі. Затое наш Дзяніс тут як тут: у адным адшукаў паўлітроўку гарэлкі ды бутэльку хатняга лікёру, у другім — дзве пляшкі настойкі. Пасля піў і здзіўляўся: “Якія бязмозглыя людзі! Не ведаюць, дзе такое багацце захоўваць!”
А напрыканцы лютага ў Жабінцы ў двары па вуліцы Сцяброўскай украў сумку са спіртным і прадуктамі. А неўзабаве папаўся. Па кожным злачынстве на злодзея заведзена крымінальная справа, і Дзянісу Р. за крадзяжы давядзецца адказваць у судзе.

Камп’ютар як сродак нажывы

Нас радуе, што гэтак імкліва пайшлі наперад навука і тэхніка, а тое, што яшчэ ўчора здавалася казкаю, сённяшняя наша ява. Нячыстыя на руку людзі, аднак, выкарыстоўваюць навуковыя здабыткі ў сваіх карыслівых мэтах. Напрыклад, неўстаноўленая асоба вельмі захацела ўкрасці чужыя грошы, якія знаходзіліся на карт-рахунку плацежнай карткі банка ААТ “АСБ Беларусбанк”, утрымальніцай якой з’яўлялася Вікторыя Н.
Праз пэўныя маніпуляцыі прайдзісвет атрымаў несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі аб карт-рахунку і магчымасць распараджацца чужымі грашовымі сродкамі. У выніку ён скраў 358 рублёў 74 капейкі. Але на гэтым не спыніўся і пазбавіў аналагічным шляхам Настассю Я. 142 рублёў.
Іншы злачынца пры дапамозе неўстаноўленай праграмы ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” і здолеў пакарыстацца сродкамі яшчэ адной жыхаркі нашага раёна.
Хочацца верыць, што ўдасца выявіць тых спрытнюг, хто з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі і інтэрнэту абкрадвае людзей.
У адным выпадку ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 212, а ў другім — па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Popularity: 1%

Top