Як гулялі ў “магазін”, альбо Адказна-безадказная асоба

Як гулялі ў “магазін”, альбо Адказна-безадказная асоба

Бывае, у дзіцячым садзе малыя гуляюць у “магазін”: маўляў ты, Алёшка, будзеш пакупніком, а я стану “прадаўцом”. Глядзіш на тое і радуешся: рыхтуюцца дзеткі да дарослага жыцця… А што адбываецца, калі ўжо дарослыя дзядзькі пачынаюць дзіцячую “гульню”? Тут ужо не да радасці, бо сквапнасць і глупства прыводзяць да суровай адказнасці.
Аляксандр М. працуе вадзіцелем у ААТ “Сельскагаспадарчы цэнтр “Заходні”. Згодна з дагаворам, ён з’яўляецца матэрыяльна-адказнай асобай, тым не менш у лістападзе мінулага года, знаходзячыся ў лясным масіве паблізу вёскі Рачкі, прысвоіў давераныя яму 2740 кілаграмаў камбікорму. Корм, вядома, належаў роднаму ААТ. Страты выліліся ў нежартоўную суму — 1890 рублёў 60 капеек (а гэта звыш 77 базавых велічынь).
У судовым пасяджэнні абвінавачваемы сваю віну прызнаў поўнасцю і расказаў наступнае. У той дзень ён вазіў кармы з Жабінкаўскага камбікормавага завода ў “Заходні”. Калі Аляксандр М. знаходзіўся на заводзе, у яго галаве нечакана нарадзілася думка: можа, дзе-небудзь у ляску адсыпаць частку камбікармоў? Тым болей, што ягоны знаёмы Аляксей Б. прасіў прадаць трошкі корму для свойскай жывёлы. Гэтак вадзіцель ператварыўся ў “гандляра”. Ён пазваніў знаёмаму, каб той чакаў у названым месцы. Пад’язджаючы, Аляксандр яшчэ здалёк заўважыў Аляксееў аўтамабіль, але спыняцца не стаў, а паехаў напрасткі ў лясок. Ну зусім, як у шпіёнскім кіно.
Аляксей быў з зяцем. Яны разаслалі плёнку і сталі на яе выдуваць камбікорм. Папрацавалі “па-стаханаўску”: за нейкія 20 хвілін выдулі звыш дзвюх тон! Аляксандр вярнуўся ў Жабінку, каб цераз Федзькавічы і Тэльмы завезці астатняе ў “Заходні”. Усю дарогу трывожыўся, ці ўдасца скрыць недастачу. Толькі гэта і непакоіла.
На шчасце, на вагавой кладаўшчыка на месцы не аказалася. Аляксандр паклаў на стол накладную і паехаў на разгрузку. Затым другім рэйсам памчаў на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Калі ўжо быў на тэрыторыі прадпрыемства, Аляксей па мабільніку паведаміў, што іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі…
Гэты выпадак у каторы раз пацвярджае думку аб тым, што матэрыяльна-адказная асоба не мае права безадказна адносіцца да сваёй работы, а тым болей ісці на злачынства. Пры назначэнні пакарання суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага, асобы абвінавачваемага. Чыстасардэчнае раскаянне і станоўчая характарыстыка з месца працы прызнаны змякчаючымі абставінамі.
Улічваючы, што Аляксандр М. мае пастаяннае месца жыхарства і працы, суд прыйшоў да высновы, што мэта крымінальнай адказнасці, у тым ліку і папярэджанне новых злачынстваў, можа быць дасягнута пры знаходжанні абвінавачваемага ва ўмовах ажыццяўлення за ім нагляду ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу. А ў сувязі з тым, што ён здзейсніў злачынства з карыслівым імкненнем, неабходна прымяніць да яго дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу.
Суд прызнаў Аляксандра М. вінаватым у прысваенні маёмасці, даверанай яму, гэта значыць, у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На гэтай падставе вынесена пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, са штрафам у 100 базавых велічынь, або 2550 рублёў, без пазбаўлення права займаць любыя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Popularity: 1%

Top