Андэрсен паклікаў на сустрэчу

Андэрсен паклікаў на сустрэчу

Антон БЕРАСТОК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Ці мог спадзявацца вялікі дацкі пісьменнік Ханс Крысціян Андэрсен, што ягоныя казкі, якія ён, дарэчы, пісаў для дарослага чытача, стануць вядомымі ў кожным куточку Зямлі? Болей за тое, яго творы з уласцівымі рамантызмам і народнасцю, іроніяй і гумарам, гуманізмам і філасофскай мудрасцю гэтак палюбяцца юным, што 2 красавіка (дзень нараджэння Андэрсена) будзе аб’яўлены святам дзіцячай кнігі ва ўсім свеце.

І.

НЕ ЗАСТАЛАСЯ ЎБАКУ ад цудоўнага свята і Жабінка. На сустрэчу з юнымі чытачамі завіталі сябры берасцейскай суполкі Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У раённай бібліятэцы з вучнямі трэцяй гарадской школы сустрэліся Зінаіда Дудзюк, Настасся Нарэйка і Анатоль Бензярук.
Зінаіда Іосіфаўна — аўтар амаль паўсотні кніг, уладальніца шматлікіх узнагарод, у тым ліку Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ў галіне публіцыстыкі — распавяла пра сваю творчасць. Асаблівае месца ў ёй займае гістарычная проза, што знайшла ўвасабленне ў раманах “Год 1812”, “Велясіты” ды інш. Найбольш госця спынілася на кнізе “Кола Сварога”, за якую атрымала абласную прэмію імя Уладзіміра Калесніка. Гэты твор не толькі рэканструкцыя старадаўняга пантэона дахрысціянскіх багоў, але й пошук прарадзімы славянскіх народаў. У выніку пісьменніцу чакалі шматлікія адкрыцці, якімі яна ахвотна дзеліцца з чытачом: аказваецца існуюць трывалыя гістарычныя повязі сённяшняй Беларусі і нашай роднай мовы са старажытнымі цывілізацыямі Індыі, Егіпта, Бліжняга Усходу.
Ад кнігі да кнігі Зінаіда Дудзюк падымаецца на новую, больш высокую прыступку майстэрства. Яе творы вылучаюцца мудрасцю і дасціпнасцю, іх вобразныя фарбы нікога не пакідаюць абыякавымі. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю слухалі пісьменніцу жабінкаўскія юнакі і дзяўчаты.
А як кранула іх душы паэзія Настассі Нарэйка! Нездарма пра яе творчасць некалі трапна выказаўся выдатны дзіцячы пісьменнік Мікола Чарняўскі: “Вершы гэтай аўтаркі патрабуюць удумлівага пранікнення ў кожны радок, непазбежнага асэнсавання, працы душы і сэрца…” Самабытная, таленавітая, яна жыве і працуе ў цудоўных мясцінах, якія славяцца на ўвесь свет невычэрпным прыродным багаццем і важкім гістарычным мінулым. Гэта — Камянецкі раён… З яго старажытнай Белай вежай, з запаветнай Белавежскай пушчай, з вёскамі, апаленымі вайной.
Насціны вершы вельмі шчырыя, вылучаюць цяпло, перад вачамі паўстаюць багатыя на прыродную красу родныя мясціны. Словы нібыта нетаропка плывуць з глыбінь стагоддзяў. І тую плынь адчуў-пабачыў кожны, слухаючы ціхі чысты голас, які міжволі пранікаў у душу. Асабліва цікава было назіраць за дзяўчатамі. Вось хто атрымаў сапраўдную асалоду ад спаткання з паэткаю. Мабыць, нехта з іх патаемна таксама складае вершы, але свае першыя вопыты не рашаецца паказаць свету…
Размову пра мінулае, натуральна, працягнуў Анатоль Бензярук — вядомы на Жабінкаўшчыне гісторык, пісьменнік і журналіст. Многія жабінкаўцы з яго кніг пачынаюць адкрыццё гістарычных багаццяў роднага краю. Аўтар робіць шмат дзеля ўслаўлення малой радзімы і слынных землякоў. А гэта тое, што сёння беларусам неабходна як паветра. Бо дзесяць кніг, што выйшлі з-пад пяра Бензерука, напісаны ад душы і для душы.

ІІ.

А Ў ТОЙ САМЫ ЧАС у дзіцячай бібліятэцы выступала другая група творцаў. Вядомы пісьменнік, які першы з беларусаў быў узнагароджаны міжнародным дыпломам імя Ханса Крысціяна Андэрсена і прозвішча якога занесена ў Ганаровы спіс дацкага казачніка, Васіль Вітка неаднойчы гаварыў: для дзяцей майстры пяра звычайна пачынаюць пісаць пазней, чым, скажам, “сур’ёзныя ды дарослыя” паэтычныя ці празаічныя творы. Найчасцей тады, як самі становяцца бацькамі. Новы этап наступае, калі пераходзяць у “разрад” дзядоў, і найвышэйшы — як становяцца прадзедамі. Бо адвеку галоўнымі выхавальнікамі малых у сем’ях станавіліся дзядулі ды бабулі — людзі, умудроныя вялікім жыццёвым вопытам.
Выказванне слыннага аўтара маглі б як найлепш пацвердзіць госці, што выступалі перад трэцякласнікамі ў бібліятэцы.
Напрыклад, Вячаслаў Бельцюкоў быў вядомы ў Брэсце як паэт, што складае вершы выключна для дарослага чытача. І вось тры гады таму, як нарадзілася дачка Ева, Слава нечакана займеў славу дзіцячага пісьменніка, паколькі пачаў шпарка пісаць апавяданні, казкі, вершы для малых і яшчэ найменшых. Цяпер першымі і галоўнымі крытыкамі для бацькі сталі Ева ды яе старэйшы брат. Крытыка, трэба сказаць, у асноўным станоўчая.
Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч таксама прызналася юным чытачам, што пачала друкаваць свае дасціпныя апавяданні і казкі, калі падрастаў сын. Выдавалася не толькі на Радзіме, але й за яе межамі, атрымала шэраг прэстыжных міжнародных прэмій. Зараз Таццяна Анатольеўна паказвала дзіцячыя часопісы “Незнайка”, “Почемучка” і іншыя, а таксама хрэстаматыйныя зборнікі, дзе яе творы друкуюцца побач з даўно прызнанымі класікамі.
Наш зямляк Расціслаў Бензярук, бадай, вядомы кожнаму, хто сябруе з кніжкай. На ніве дзіцячай літаратуры ён шчыруе ўжо больш за 45 гадоў. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў яшчэ ў тым стагоддзі, калі меў ужо чатыры кнігі, тры з якіх былі адрасаваны юнаму чытачу. Таму рэкамендавала яго для ўступлення ў Саюз менавіта секцыя дзіцячай літаратуры. Аднаго разу сённяшні міністр інфармацыі краіны і вядомы беларускі пісьменнік Алесь Карлюкевіч прызнаўся, што лічыць кніжку Расціслава Бензерука “Зайцаў кажушок” найлепшым узорам сучаснай літаратуры для дзяцей, больш за тое, перачытвае яе, калі бярэцца пісаць нешта для юных чытачоў.
Адказваючы на пытанні, Расціслаў Мацвеевіч распавёў пра сваё маленства, як прыйшоў у літаратуру, падзяліўся планамі на заўтра і прачытаў вершаваную казку “Пан і рака”, у якой прырода пакарала пана-выхваляку.
Затым дырэктар дзіцячай бібліятэкі Вольга Гурыш правяла віктарыну па казках Аляксандра Пушкіна, Эдуарда Успенскага, Мікалая Носава. Дзеці дружна адказвалі на пытанні, успамінаючы любімыя казкі, апавяданні, мульцікі. Напрыканцы яны атрымалі невялічкія сувеніры і запрашэнне надалей сябраваць з бібліятэкай, заставацца актыўнымі, цікаўнымі чытачамі.

 

 

Popularity: 1%

Top