Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК і Святланы КІСЛАЙ.

Напярэдадні Дабравешчання ў Жабінку прыйшла добрая вестка: у гарадскім парку ўзнікла яшчэ адно памятнае месца — “Сквер сямейных дрэў”. 5 красавіка на ўзбярэжжы аднайменнай рэчкі, якая некалі дала імя нашаму гораду, пасаджаны першыя 77 дрэўцаў. І з часам чакаецца працяг.

У АСНОВЕ ТРАДЫЦЫІ, што зараджаецца, надзвычай важнае слова — сям’я. Паколькі, як гаварылася на ўрачыстасці, менавіта сям’я ёсць выток, з якога пачынаецца жыццёвая рака, скуль зараджаецца асоба, а з ёй мацнее ўсё грамадства.
На самым высокім дзяржаўным узроўні неаднаразова адзначаліся значнасць і надзвычайная каштоўнасць сямейных адносін у Беларусі. Паколькі яны паступова фарміруюць у дзіцяці павагу да бацькоў і шанаванне Бацькаўшчыны. Усё, што бачыць і адчувае маленькі чалавек ад самай калыскі, абавязкова прарасце і прынясе свае плады. 
Хочацца, каб былі тыя плады станоўчымі, напоўненымі цікавасцю да свайго радавода, вераю ў дабрыню і міласэрнасць, гонарам за сваю сям’ю, малую радзіму, цудоўную Айчыну. Пра тое прамаўлялі выступоўцы: кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергій Петрусевіч, сем’і Яўгена і Валянціны Прановічаў ды Алены і Мікалая Шубскіх, якія вось ужо па паўвека поруч ідуць па жыцці. Іх дрэвы ў ліку іншых упрыгожылі новы сквер. Летась Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абвясціла кампанію “Уладкуем малую радзіму”. Ідэя была падхоплена моладдзю — сябрамі БРСМ. Гэтая харошая справа ўжо прыносіць вынікі: жабінкаўцы працягваюць уладкоўваць сваю зямлю, любімы горад, уносячы добрую лепту ў гісторыю краю. А цяпер далучыліся і да рэспубліканскага праекта, галоўная ідэя якога — уладкаваць па ўсёй краіне сямейныя паркі, скверы, алеі. У іх кожны грамадзянін зможа высадзіць уласнае ці сямейнае дрэва, прысвечанае нейкай важнай падзеі: стварэнню сям’і, нараджэнню дзіцяці, юбілею…
Верыцца, з часам, калі маладыя дрэвы пацягнуцца да неба, закаханыя пары будуць наведваць “Сямейны сквер” і ў знак сваіх моцных пачуццяў садзіць чарговае дрэўца, пакідаючы свае імёны на шыльдзе ў якасці сімвала прыгожага кахання, што злучае на доўгія гады некалі зусім невядомых, а цяпер бясконца родных людзей. Міне час, і клёны ў скверы падораць свой салодкі сок, ліпы сагрэюць ліпавым чаем ды вербы выпусцяць слязу. Усё, як у жыцці, дзе слодыч з горыччу бываюць памяшаныя…

 

Popularity: 1%

Top