Першае выступленне прынесла перамогу

Першае выступленне прынесла перамогу

У навагоднюю ноч споўнілася мая запаветная мара: я стала гаспадыняй самай лепшай, паслухмянай і кемлівай маладой кабылы Мэйвіс! Аб такім падарунку я марыла не адзін год… Цяпер мы з Мэйвіс неразлучныя сяброўкі — яна, як і я, з нецярпеннем чакае штодзённых трэніровак, якія звычайна заканчваюцца прагулкай пешшу.
А нядаўна нам выпала нагода прадэманстраваць свае ўменні: у аграгарадку Клейнікі (Брэсцкі раён) у конным клубе “Пегас” ладзіліся спаборніцтвы. З Жабінкі былі толькі мы з Мэйвіс.
Шчыра кажучы, я вельмі хвалявалася: а ці зможа мая маладая чатырохногая сяброўка не разгубіцца і прайсці маршрут, пераскочыць усе бар’еры (вышыня — 60 сантыметраў). Аказалася, турбаванні былі дарэмныя: Мэйвіс выдатна адчувала сябе на новым месцы, з цікавасцю падыходзіла да іншых коней, “знаёмілася” і, у адрозненне ад сваёй гаспадыні, зусім не нервавалася… Таму і прайшла маршрут на першых у сваім жыцці спаборніцтвах вельмі добра — “узяла” ўсе пяць перашкод чыста, без штрафных ачкоў, выдатна слухалася мяне. А калі журы аб’явіла, што ў нас другое месца (а было 11 канкурэнтаў), я ажно расплакалася ад радасці — гэта было нечакана. Затое разумею: мы з Мэйвіс на правільным шляху. Цяпер будзем рыхтавацца да чарговых спаборніцтваў.
Юлія ЮШЧУК.
На здымку: першае і адразу ўдалае выступленне неразлучных сябровак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top