Падорым паперы другое жыццё!

Падорым паперы другое жыццё!

Анатоль РОСТАЎ.

Штогод вучні СШ № 3 удзельнічаюць у раённай акцыі “Захавай дрэва — здай макулатуру!” і нязменна становяцца лепшымі. 2018-ы не стаў выключэннем. Яго вынікі падвялі ў школе 5 красавіка.

— Летась, — з гонарам гаварыла на ўрачыстай лінейцы дырэктар трэцяй школы Святлана Каменева, — нашы вучні разам з настаўнікамі і бацькамі сабралі больш за 14 тон макулатуры. Пра тое, як яны прыйшлі да поспеху, у вершаванай форме расказалі трэцякласнікі. Таму ў сакавіку школа цалкам заслужана атрымала ад Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода новы сучасны кантэйнер. Да дзяцей са словамі падзякі звярнулася майстар прадпрыемства Наталля Наруш. З рук Наталлі Іванаўны лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы і сувеніры.
Трэба сказаць, класы спаборнічалі вельмі сур’ёзна. Ужо не першы год пальму першынства не выпускаюць з рук навучэнцы Валянціны Якімук. І сёлета хлопчыкі і дзяўчынкі з 3 “А” не спасавалі і перамаглі, сабраўшы амаль 730 кілаграмаў макулатуры. На другім месцы апынуўся 6 “Б” (класны кіраўнік Ірына Пальчук), замкнулі спіс прызёраў вучні 5 “Б” пад кіраўніцтвам сваёй класнай Таццяны Кунц.
Былі вызначаны і асобныя пераможцы ў зборы другасных рэсурсаў. Найлепшымі прызнаны Іван Кулагін, Руслан Конанаў і Аляксандра Нагар, Ганна і Алеся Бутрым, на другім выніковым радку — Злата Лукашэвіч, Міхаіл Лук’янчык і Глеб Рапека, на трэцім — Ціхан Залешчык і Сафія Лук’янчык.
Не паспелі падвесці рысу пад мінулагоднім прыемным поспехам, як ужо абвешчана чарговая веснавая акцыя па зборы макулатуры. Зычым вучням трэцяй гарадской і далей трымаць пераможны сцяг!

Popularity: 1%

Top