Цацка? Берагіня!

Цацка? Берагіня!


Хто ў дзяцінстве не гуляў з лялькамі. Гуляла з імі і я. Спачатку гэта былі купленыя лялькі, што засталіся мне ў спадчыну ад мамы або былі падараваныя на дзень нараджэння і ў іншыя святы.
Калі я была маленькай, мама —– швачка-майстрыха –— сама шыла маім лялькам шыкоўныя строі. А я –— па меры сталення –— уключалася ў гэтую працу і з цягам часу сама навучылася шыць просценькія сукенкі і спаднічкі. А яшчэ са скрыначак ад запалак рабіла мэблю, з пластыліну –— посуд, з кардонак ад абутку будавала сапраўдныя домікі. Таксама я даведалася, што і з паперы можна рабіць лялек, нават цэлыя сем`і. А якое моднае і непаўторнае адзенне можна зрабіць для іх з той жа паперы! Яшчэ тады, у дашкольным узросце, я адчула асалоду, ствараючы  лялькі сваімі рукамі або разам з матуляй.  Ды нехта скажа: усё зараз можна купіць. Але які цудоўны і непаўторны свет перада мною ўзнікаў!
Лялька – самая старажытная і папулярная цацка. Яна абавязковы спадарожнік дзіцячых гульняў і самы даступны дзецям твор мастацтва. Таму мяне вельмі зацікавіла гісторыя лялек, і я ахвотна адгукнулася на прапанову класнага кіраўніка і адначасова настаўніцы гісторыі Чарнецкай Эліны Уладзіміраўны напісаць даследчую працу на гэтую тэму.
Працаваць было цікава. Я зрабіла для сябе шэраг адкрыццяў: лялькі выратоўвалі людзям жыцці: падчас ахвярапрынашэнняў яна замяняла чалавека. Без лялек у старажытныя часы не абыходзілася ніводнае свята. Самымі папулярнымі былі яны з тканіны. Матэрыял выбіралі са значэннем: ён увасабленне сіл прыроды ці захаванне энергетыкі чалавека. Сваю ляльку меў кожны член сям’і. Захоўваліся яны ў скрыньках. Абрадавыя, напрыклад, прызначаліся не для гульні. Каб адганяць злых духаў ад  маленькага дзіцяці, рабілі ляльку-берагіню: дзіцяня імітавалі звёрнутымі пялёнкамі. Лялька-крупянічка Багач, набітая крупамі або зернем, была прызначана прынесці добры ўраджай, дастатак і дабрабыт.
Мне было вельмі цікава і прыемна рабіць лялькі сваімі рукамі –— так, як гэта рабілі яшчэ мае продкі. Гэтая праца натхняла мяне, стварала добры настрой. Занятая працай, я не заўважала, як ідзе час. Мне дапамагалі мае сёстры, і гэта яшчэ больш злучала, радніла нас, хацелася данесці часцінку сваёй душы, сваей любові блізкім мне людзям. Неяк на памяць прыйшло, што падараную мне ў першым класе ляльку я два гады назад падарыла маленькай стрыечнай сястры, а зараз гэта яе самая любімая цацка.
Лялькі выхоўваюць людзей. Таму неабходна сур`ёзна аднесціся да выбару іх для дзяцей. Хто сёння не чуў пра ляльку Барбі?! Але вучоныя падлічылі, што чалавек з такімі параметрамі, як у гэтай амерыканскай цацкі, проста не змог бы хадзіць.
Традыцыйная анучкавая лялька была бязлікай, што дазваляла дзецям марыць і фантазіраваць. Дзеці маглі прыдумваць настрой лялькі і яе характар. Гэта рабіла яе  непаражальнай  для злых духаў, яна была індывідуальная ў сваім родзе і больш не паўтаралася, увасабляла стан душы свайго гаспадара. Такая дабротна і ладна сшытая лялька лічылася добрым падарункам і разглядалася як эталон рукадзелля. Па ёй меркавалі пра густ і майстэрства гаспадыні.


Лялька для дарослых –— памяць аб шчаслівых днях дзяцінства, памяць аб  бацьках і дарагім мінулым. Цацка стала першым аб`ектам, з якім у дзяцей з самага ранняга ўзросту  ўстанавіўся трывалы  эмацыянальны кантакт.
У наш час у магазінах можна пабачыць шмат прыгожых цацак,  яны зроблены на фабрыках  і не нясуць цяпла душы іх творцаў. Кожная лялька, зробленая тым ці іншым аўтарам, мае сваю гісторыю і свой непаўторны вобраз.  Калі вельмі захацець, то кожны можа зрабіць сваю адметную, не стрымліваючы сябе ў сваіх фантазіях. У яе будзе свой характар, свая яркая індывідуальнасць. Не трэба выкідваць і старую ляльку. Памыйце яе, прычашыце, пашыйце новае адзенне! Усе гэтыя дзеянні –— урокі дбайнасці, увагі, дабрыні. Гэта яшчэ і  ўрокі добрага густу і нават некаторых мастацкіх рамёстваў. Бо, як казаў вядомы пісьменнік Сіняўскі: “Без лялькі свет бы рассыпаўся, разваліўся, і дзеці перасталі б быць падобнымі да бацькоў, і народ бы рассеяўся пылам па твары зямлі”.
Алена ЖУРОМСКАЯ, ліцэістка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top