Хто лепшы ў ахове працы?

З бягучага года стартуе раённы агляд-конкурс на лепшага грамадскага інспектара па ахове працы. Штогод да 1 сакавіка будуць вызначацца тры яго пераможцы, якім будуць уручаны дыпломы Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў I, II і III ступені за першае, другое і трэцяе месцы адпаведна і каштоўныя падарункі (сертыфікаты). Палажэнне аб раённым аглядзе-конкурсе на лепшага грамадскага інспектара па ахове працы распрацавана на падставе Палажэння аб агульнарэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшае правядзенне прафсаюзнымі арганізацыямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, зацверджанага Пастановай Прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 20 красавіка 2016 г. № 133.
Ліцэй запрашае на Дзень адчыненых дзвярэй
20 красавіка Спецыялізаваны ліцэй МУС Рэспублікі Беларусь запрашае будучых абітурыентаў, іх бацькоў і ўсіх жадаючых на Дзень адчыненых дзвярэй. Мерапрыемства адбудзецца ў 11 гадзін па адрасе: Мінская вобласць, Мінскі раён, вёска Астрашыцкі гарадок, дзіцячы аздараўленчы лагер “Белыя Росы”.
На сустрэчы кожны зможа даведацца пра асаблівасці сёлетняга прыёму ў ліцэй, задаць кіраўніцтву пытанні, якія цікавяць, азнаёміцца з выставай форменнага абмундзіравання, жылымі пакоямі і навучальнымі класамі.
Гасцей таксама чакаюць паказальныя выступленні супрацоўнікаў кіналагічнага падраздзялення МУС, байцоў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама і выстава ўзбраення, якое выкарыстоўваецца ў службовай дзейнасці супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Паселішчам — 485 гадоў!

І нават болей. “В понеделок на завтрее по проводной недели”, — з такіх слоў пачынаецца дакумент, складзены 13 красавіка 1534 года ў Вільні па загадзе каралевы Боны. У ім упершыню згадваюцца каралеўскія сёлы Якаўчыцы і Пруска. Польска-літоўская ўладарыня запатрабавала ад мясцовых шляхціцаў паперы, што пацвярджаюць іх правы на надзелы. І вось паны Чаховічы такія прывілеі, як занатоўвае невядомы пісарчук, паказваюць. Прычым з дакументаў вынікае, што свае маёнткі яны трымаюць з часоў кобрынскага князя Сямёна Раманавіча, а той памёр прыблізна ў 1460 годзе. Гэткім чынам названыя паселішчы значна старэйшыя. Аднак у прынятай практыцы першая афіцыйная пісьмовая згадка лічыцца і часам заснавання. Таму, пакуль сярод архіўных спраў не адшукаліся тыя Сямёнавы прывілеі, будзем сёння святкаваць 485-я ўгодкі Вялікіх Якаўчыцаў і Прускі.

“Свята для сэрца”

Такую назву носіць кніга пісьменніка Анатоля Бензерука. З нагоды 10-годдзя выхаду яе ў свет (у красавіку 2009-га) аўтар быў запрошаны на творчую сустрэчу ў Ленінскую СШ. На ёй вучні мелі магчымасць здзейсніць падарожжа па кніжцы, прысвечанай гісторыі Брэстчыны. З дапамогай цікавага выдання, напісанага для дзяцей, ленінскія школьнікі пабывалі ў старажытных Берасці і Пінску, Давыд-Гарадку і Століне, Камянцы і Высокім, Кобрыне і Янаве, Бярозе і Ружанах, ды, канечне ж, Жабінцы. Дзеці разыгралі сцэнкі, прысвечаныя каралеве Боне і майстру Сяхно — заснавальніку вёскі Сяхновічы. А затым паслухалі пісьменніка, адказалі на яго пытанні і задалі свае.

Дзіцячай кнізе прысвячалася…

У бібліятэцы другой гарадской школы прайшоў Тыдзень дзіцячай кнігі. Кожны дзень суправаджаўся вясёлымі мерапрыемствамі, кніжнымі выставамі, конкурсамі, сустрэчамі з казачнымі персанажамі.
Напрыклад, юным наведвальнікам вельмі спадабалася выстава “Кніжныя доўгажыхары!” (кнігі з фонду бібліятэкі 1946-1965 гадоў выдання) і калекцыя “Буквары” (дарэчы, яна пабывала і ў школе-інтэрнаце), выстава дзіцячых малюнкаў і іншае.
Тыдзень дзіцячай кнігі адкрыла тэатралізаваная гульня для першакласнікаў “Як здорава чытаць”. У аўторак вучні 2 “А” і 2 “Б” класаў паўдзельнічалі ў “Брэйн-рынгу актыўных чытачоў”. У сераду трэцякласнікі “акунуліся” ў чароўны свет казак Андэрсена. На чацвер было запланавана “Свята Буквара”.
Напрыканцы кніжнага тыдня самыя актыўныя чытачы атрымалі граматы і падзякі, а яшчэ — выдатныя эмоцыі і жаданне паболей чытаць добрых кніжак!

Popularity: 1%

Top