Найвялікшы сын нашай зямлі

24 сакавіка споўнілася 20 гадоў з дня, як перастала біцца сэрца найвялікшага сына нашай зямлі — акадэміка Андрэя Аляксеевіча Трафімука (1911–1999). Нараджэнец вёскі Федзькавічы — сапраўдная мегазорка ў навуковым свеце. Пры жыцці ён стаў акадэмікам, доктарам геолага-мінералагічных навук. У 1946 і 1950 гадах Трафімук атрымліваў Сталінскія прэміі СССР І ступені, а ў 1994-м — Дзяржаўную прэмію Расійскай Федэрацыі.
У 1944-м 33-гадовы Андрэй Трафімук стаў Героем Сацыялістычнай Працы, быў кавалерам шасці ордэнаў Леніна, іншых шматлікіх дзяржаўных узнагарод. Андрэй Аляксеевіч адыграў выключную ролю ў савецкай геалогіі, з-пад яго пяра выйшла больш за 500 навуковых прац. У 1983-м Трафімук атрымаў званне “Ганаровы грамадзянін Новасібірска”, а ў 2000 годзе (ужо пасмяротна) быў абвешчаны “Грамадзянінам ХХ стагоддзя Новасібірскай вобласці”. Жабінкаўшчына — малая радзіма выбітнага чалавека — таксама павінна годна ўшанаваць імя, праслаўленае ва ўсім свеце.

“Будзь прыкладам
для свайго дзіцяці!”

Пад такім дэвізам з 27 сакавіка па 5 красавіка на Жабінкаўшчыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Аб гэтым паведаміў у рэдакцыю старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко.
Калі вы ліхачыце за рулём аўтамабіля, пераходзіце праезную частку на чырвоны сігнал святлафора ці зусім у неналежным месцы, не забывайце, што побач з вамі вашы дзеці, якія паўтараюць і поўнасцю капіруюць зняважлівыя і часта небяспечныя паводзіны дарослых. Менавіта старэйшыя закладваюць адмоўныя звычкі парушаць правілы бяспечных паводзінаў на дарозе — аснову магчымай будучай трагедыі. Усе дарослыя павінны цвёрда засвоіць сілу ўласнага прыкладу. Каб дзіця не трапіла ў бяду, неабходна выхоўваць у яго павагу да правілаў дарожнага руху штодзённа і цярпліва.

Ліга боксу прынесла перамогі

23 сакавіка ў Мінску прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы юнацкай лігі боксу сярод юнакоў 13-14-гадовага ўзросту. На іх зборная Брэсцкай вобласці сустрэлася са зборнай Віцебшчыны і перамагла з лікам 11:8. У складзе каманды Брэстчыны спаборнічалі і выхаванцы Жабінкаўскай СДЮШАР Андрэй Шумінскі (41,5 кг) і Максім Жураўлёў (да 56 кг). Нашы баксёры паспяхова выступілі і сталі пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях, тым самым заваявалі пуцёўку ў паўфінал і фінал, якія адбудуцца 12-13 красавіка ў сталіцы.

Лепшых вызначыў турнір

27 сакавіка ў Крыўлянскім сельскім Доме культуры ў рамках акцыі “Карысныя канікулы” адбыўся турнір па настольным тэнісе паміж камандамі клубных фарміраванняў па гэтым відзе спорту, якія дзейнічаюць на базе Арэпіцкага СК, Крыўлянскага і Падлескага СДК. Турнір сабраў 11 удзельнікаў — вучняў Хмелеўскай і Крыўлянскай школ, якія наведваюць заняткі па настольным тэнісе. У выніку спаборніцтваў вызначыліся пераможцы. Першае месца і званне лепшага заваяваў Павел Пражыжка (Крыўлянскі СДК). Другое месца ў Сцяпана Хоміча (Падлескі СДК), трэцяе — у Віктара Манастырскага (Крыўлянскі СДК). Пераможца і прызёры турніру ўзнагароджаны падарункамі, астатнія ўдзельнікі — граматамі аргкамітэта.

“Апошняе папярэджанне”
ад міліцыянераў

На Брэстчыне на мінулым тыдні праходзіла прафілактычная акцыя “Апошняе папярэджанне”. Падчас яе рэалізоўваўся цэлы комплекс мерапрыемстваў з грамадзянамі, якія любяць “перакуліць” кілішак і на п’яную галаву пасварыцца з суседзямі ці дамачадцамі. Як паведаміў першы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Ілля Хвалько, на прафілактычным уліку стаяць 110 асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Каб кантраляваць паводзіны такіх аматараў выпіць, участковыя інспектары рэгулярна іх наведваюць.
Нагадваем, што забаронена распіваць спіртныя напоі і піва і з’яўляцца ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах — парку, скверы, стадыёне, грамадскім транспарце. Штраф — да 8 базавых велічынь.

Popularity: 1%

Top