Здабыткі фальклору і фалькларыстаў

Здабыткі фальклору і фалькларыстаў

З Калюгі-Каморна ды іншых мясцін


Цяпер толькі старажылы згадаюць, дзе на Жабінкаўшчыне была вёсачка з дзіўнай назвай Калюга-Каморна. А між тым, сто гадоў таму ў ёй жылі каля паўсотні жыхароў. Сярод іх — І.Я.Бычко-Машко. У 1911 годзе гэты адукаваны і надзвычай дапытлівы чалавек выдаў у Санкт-Пецярбурзе “Зборнік народных песень, запісаных у пасёлку Калюга-Каморна Рагазнянскай вобласці Кобрынскага павета”. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ўсе жыхары з Калюгі перасяліліся ў суседнюю Вульку. Вёска знікла, але памяць пра яе жыве дасюль, дзякуючы сапраўднаму подзвігу самабытнага даследчыка даўніны.
У тым самым 1911 годзе ў Вільні выйшаў першы выпуск “Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні”, прысвечаны вясельным абрадам. Між іншымі ў кнізе быў змешчаны вясельны абрад у вёсцы Свішчы, запісаны тутэйшай надстаўніцай Савіцкай.
Гэта сапраўдны народны спектакль, багаты традыцыямі, гарэзлівы, песенны, дзе над горам пасміхаліся, а прыгажосцю-маладосцю замілаваліся:
Маты, маты, діўна нэвіста:
З еі віночка вітрычок віе,
З еі лычэнька соніко гріе,
З еі очэнёк дожджычок крапле,
З еі пэрстэня місяц світыт,
По еі полы скачут анёлы.
Сто год мінула, шмат што ў памяці згінула. Таму вялікай пахвалы заслугоўваюць тыя, хто і ў ХХІ стагоддзі зберагаюць нашу спадчыну.
У аддзеле культуры райвыканкама ёсць “Банк дадзеных народнай творчасці”: кожная клубная ўстанова вядзе ўлік народных майстроў, што пражываюць у іх мясцовасці. Зараз у “Банку” 115 асобаў — кожны захавальнік і прадаўжальнік традыцый, пазычаных ад прашчураў. Працуе раённы клуб майстроў народнай творчасці “Цудоўны куфэрак”. Далёка за межамі Жабінкаўшчыны вядомы вырабы каравайніцы з Баранцоў Соф’і Рыгораўны Карась, майстра ў лозапляценні залуззеўца Васіля Гаўрылавіча Валасюка, вышыванкі Ірыны Сямёнаўны Шчаноўскай з Крыўлянаў і Тамары Міхайлаўны Квір з Ракітніцы. На ўсе рукі майстрыха хмеляўчанка Галіна Цімафееўна Вашасцюк, якая здольная вязаць на спіцах, кручком, прыгожа вышывае, займаецца выцінанкай і саломапляценнем. У кожным кутку раёна багата творчых людзей.

Анатоль Бензярук.

На здымках: вядомая баранцоўская каравайніца Соф’я Карась; салодкі мядок збірае штогод жыхар пас.Ленінскі Чэслаў Янкоўскі, яго майстэрства ведаюць далёка за межамі раёна; шмат удзячных цёплых слоў пачулі хмеляўчанкі ад міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на фальклорным фестывалі «Там па маёвай росі» ў Бельску-Падляшскім (Польшча).

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Top