Масленіца ў Жабінцы

Масленіца ў Жабінцы

Саступай, Зіма, дарогу!

Час, калі зямля развітваецца з зімою, паўсюль багаты на гарэзлівыя святы. Калі ў Заходняй Еўропе ці Амерыцы перад Вялікім Постам ладзяцца шыкоўныя карнавалы (дарэчы, слова “карнавал” літаральна азначае: “Мяса, бывай!”), дык у славянскай традыцыі існуе звычай святкаваць Масленіцу.
У гэты дзень заўжды хапае месца для выдумак, штукарства, весялосці, што й дэманстравалі 25 лютага самадзейныя жабінкаўскія артысты.
Што пабачылі жыхары і госці нашага горада, калі завіталі на народнае свята?
…Хутка, бы развітальная мяцеліца закружыла, — гэта паўз галоўную плошчу Жабінкі на фурманцы праляцелі зімовыя персанажы на чале з Дзедам Марозам і Снягуркаю.
На падмостках ля гарадскога Дома культуры тым часам развівалася імпрэза, у якой суровая зімняя пара справаздачу трымала, а Вясна ўладу сваю прымала.
Сюды яна, гаспадынька новая, прыбыла велічна на вараным кані. Сваёй усмешкай сонечнай і песняй гожай пагнала Вясна Зіму-злобяду, абудзіла крынічныя сілы, падаравала свой настрой прыродзе жывой, а гасцей сваіх блінцамі адарыла… І тыя прамаўлялі-клікалі з радасцю: “Вясна-вясна прыгожая, прыйдзі з радасцю, з вялікай міласцю. З ільном высокім ды коранем глыбокім, з дажджом моцным ды хлебам шчодрым!”
Зразумела, самымі шчаслівымі на свяце былі дзеці. Малыя спявалі, карагоды вадзілі, загадкі адгадвалі, за тое і пачастункі мелі, а ў дарослых была мажлівасць наведаць гандлёвыя палаткі.
Сваё майстэрства гледачам паказалі лепшыя фальклорныя калектывы Жабінкаўшчыны: самабытны гурт са Сцяпанак, міні-тэатр гульні і гумару “Спявай, душа!” Крыўлянскага сельскага Дома культуры, знаўцы даўніх абрадаў і традыцый з народнага хору “Багуслаўка”, што здавён “прапісаўся” ў вёсцы Залуззе, і канечне, непаўторны тэатр гульні, гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” з узорным дзіцячым калектывам “Дараносіца”, без якіх увогуле цяжка ўявіць якое-небудзь народнае свята на жабінкаўскай зямлі!
Адным словам, хто прыйшоў — не шкадаваў, разам з артыстамі Вясну вітаў, дамоў добрага настрою мех прыдбаў!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: святочны настрой нікога не пакідаў на працягу свята Масленіцы ў Жабінцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top