Крыніца радасці і… заробку

Крыніца радасці і… заробку

Казаць пра кнігу як бізнес яшчэ гадоў дваццаць таму, калі добрае выданне з’яўлялася дэфіцытам, было амаль бессэнсоўна. Цяпер змянілася многае, у тым ліку і кніжны рынак, куды прыйшлі людзі прадпрымальныя, што зразумелі: кніга прыносіць не толькі эстэтычнае задавальненне, але з’яўляецца крыніцай заробку. Сустрэліся з Аляксандрам і Ірынай Леванюкамі, гаспадарамі крамы “Книголюб” у Жабінцы.
— Любоў да кнігі — з дзяцінства, — гаворыць А.У.Леванюк. — Чытаў, розуму набіраўся. Кніга, разумная і прыгожая, дапамагала, калі вучыўся ў школе, у Кобрынскім мастацкім вучылішчы, на факультэце павышэння кваліфікацыі БДУ па спецыяльнасці “практычная псіхалогія”.
У 2000-ым пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Уладзіміравіч зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка: як псіхолаг кансультаваў у сталіцы школьнікаў, іх бацькоў, настаўнікаў, праводзіў прафарыентацыю паводле праграмы, распрацаванай вучонымі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава. Для справы патрабавалася найноўшая літаратура па псіхалогіі, філасофіі, таму пасябраваў з прадпрымальнікамі, што рэалізоўвалі кнігі. Ад іх набіраўся вопыту, усталёўваў сувязі, якія неўзабаве спатрэбіліся, калі сам распачаў кніжны бізнес.
Некалі ў Жабінцы была кнігарня, аднак у няпростыя крызісныя часы раённае спажывецкае таварыства вырашыла ад яе адмовіцца. Таму гэты рынак у райцэнтры быў не заняты, калі пяць гадоў Аляксандр пачынаў сваю справу. “Книголюб” адчыніўся ў павільёнчыку на гарадскім рынку 7 ліпеня 2007 года. Кніга, якую набыў першы пакупнік, была школьны падручнік. І зараз належнае месца ў краме адводзіцца вучэбнай літаратуры для школ і ВНУ, якая набываецца ў айчынных выдавецтвах, з якімі маюцца афіцыйныя дамовы.
— Адначасова гандлюем і школьнымі канцылярскімі прыналежнасцямі, цацкамі, — гавораць Ірына Аляксандраўна і Дзіна Уладзіміраўна Леванюкі, жонка і маці, памочнікі ў сямейнай справе. — Гэта прыкметна дапамагае бізнесу: часам пакупнік прыходзіць за лялькай для дачкі, машынкай для сына, а набывае і сабе цікавае энцыклапедычнае выданне. Увогуле, дзіцячая літаратура — па-за канкурэнцыяй. Бацькі разумеюць: яна — першы крок на шляху знаёмства маленькага чалавека з навакольным светам.
Аляксандр упэўнены: любая кніга абавязкова дачакаецца свайго пакупніка. Нават калі таму прыйдзецца дзеля гэтага прыехаць з іншай краіны! Неяк заказалі рэдкія каталогі па архітэктурным аздабленні розных эпох. Ды не ўсё прадалося. Здавалася, век векаваць дарагім тамам на паліцах у Жабінцы… І раптам дзве жанчыны зацікавіліся рэдкімі выданнямі. Высветлілася, прыехалі яны да нас у госці з… Францыі.
— Гэткім чынам мы нечакана прэзентавалі не толькі наш горад, але й усю Беларусь як высокакультурную краіну, дзе ёсць майстры сусветнай архітэктуры.
Ёсць жабінкаўцы, што ўважліва сочаць за літаратурнымі навінкамі і ахвотна афармляюць заказы на кнігі, якія вось-вось з’явіліся ў выдавецтвах. Напрыклад, сапраўдны бібліяфіл Вадзім Дрыч. Яго захапленне — прыгоды і фантастыка. Такіх кліентаў у “Книголюбе” лічаць ганаровымі пакупнікамі, заўсёды з прыемнасцю задавальняюць іх інтарэсы.
— Калі з дня выдання кнігі прайшло год-два, — гаворыць Аляксандр, — яе адшукаць можна на кніжных кірмашах ад фірмаў, якія шмат гадоў працуюць у гэтай сферы. Мае словы тычацца найперш мастацкай літаратуры. Той, хто заранёў паклапаціўся пра заказ і гатовы чакаць — хутчэй за ўсё задаволіцца.
Як цікавую акалічнасць Леванюкі адзначаюць: іх з’яўленне на гарадскім рынку не прайшло незаўважаным для іншых гандляроў-прадпрымальнікаў. Адзін з іх — Юрый Завяржэнец (які раней прызнаваўся, што са школьнай пары не браў кніжак у рукі) захапіўся гісторыяй, філасофіяй. Мала таго: і для іншых стаў узорам. Неяк набыў кнігу Алена Кара “Лёгкі спосаб кінуць курыць”. Вынік? Сам кінуў і дзясяткі сяброў падбіў на тое, каб развітацца са шкоднай звычкай. Ледзь не дэвіз у яго: пачынаць раніцу з чытання, а не цыгарэты!
Запыталіся:
— Ці ёсць у жабінкаўцаў попыт на мастацкую літаратуру, прынамсі, беларускую?
— Ёсць, але не такі вялікі як на дзіцячую, — адказаў гаспадар кнігарні. — Набываюць класіку і сучасныя папулярныя выданні — кнігі, што дазваляюць хоць на час адасобіцца ад складанасцяў сённяшняга хуткаснага дня. Напрыклад, цікавыя кнігі прытчаў “Не хлебам адзіным” або мемуары Генры Форда “Маё жыццё. Мае дасягненні” (на мой густ, выдатны падручнік “здаровай” эканомікі, адносінаў да грошай і працы ад стваральніка знакамітага аўто). Беларуская літарутара — зноў жа дзіцячая, “праграмная”, класікі (у тым ліку міні-выданні твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа).
— Што чытаеце сыну — пяцігадоваму Глебу?
— Акрамя гожа аздомленых дзіцячых выданняў, сына цікавіць цудоўны “Фразеалагічны слоўнік для дзяцей” і “Філасофія для дзяцей у казках і апавяданнях” Міхаіла Адрыянава. Дасціпныя размовы пісьменніка аб прыгажосці, каханні, сяброўстве зацікавілі нават мяне, — прызнаўся Аляксандр. — Настолькі, што нават адшукаў аўтара ў Мінску і пасябраваў. Увогуле — кніга спрыяе сяброўству. І як раней, застаецца найлепшым падарункам.
— Не можам не запытацца: што чакаеце ад Года Кнігі?
— Ад кніг можна атрымаць радасць, сапраўдную асалоду. Лічу сваю працу не толькі сродкам зарабіць грошы. Хочацца, каб у Год Кнігі людзі вярнуліся да яе, сталі мудрэйшымі, бо кніга спрыяе мудрасці, дорыць шчасце суперажывання.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: І.А.Леванюк  прэзентуе навінкі крамы “Книголюб”.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top