«Усё, аб чым мы гаварылі, павінна быць рэалізавана»

«Усё, аб чым мы гаварылі, павінна быць рэалізавана»

Кіраўнік нашай дзяржавы прыняў з дакладам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлю Качанаву.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам у ходзе мерапрыемстваў абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, прымаліся рашэнні.

«Усё, аб чым мы гаварылі, што абмяркоўвалі публічна і непублічна, павінна быць рэалізавана», – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на пытаннях ад людзей, што паступілі напярэдадні «Вялікай размовы». «Калі 3 тысячы пытанняў ад людзей паступіла напярэдадні маёй размовы з экспертнай супольнасцю, значыць 3 тысячы павінны быць разгледжаны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы не павінны паказаць людзям, што паслухалі іх і забылі. Мы павінны паказаць, што рэагуем на іх запатрабаванні. Я разумею, што людзі розныя. Тое, што самі павінны рабіць, яны часам скідваюць на ўладу. Такіх менш. Але ўсё роўна трэба адрэагаваць, каб ведаць, чым жывуць людзі. А там, дзе трэба, падключацца».
Аляксандр Лукашэнка таксама станоўча ацаніў той факт, што да адпаведных праблемных пытанняў ад грамадзян звяртаюцца і ў СМІ: «Тое, што на тэлебачанні (і ў падагульняючых праграмах) перыядычна звяртаюцца да гэтых пытанняў, пачынаючы ад патрэб людзей, будаўніцтва жылля і заканчваючы дарогамі, гэта правільна. Трэба ўзяць пад кантроль усе гэтыя пытанні і ўзварухнуць усю краіну, адрэагаваўшы на просьбы і запатрабаванні людзей. Пытанне катэгарычна важнае!»
Прэзідэнт пацікавіўся і ходам падрыхтоўкі маючага адбыцца Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, назваўшы гэта самай важнай падзеяй вясны.

Кіраўнік дзяржавы згадаў і будучыя электаральныя кампаніі, падкрэсліўшы, што будучыя два гады не павінны ўвесці краіну ў нейкія ўзрушэнні, а самі выбары, і адны, і другія, павінны прайсці, як свята.

Як расказала журналістам Наталля Качанава па выніках мерапрыемства, абмяркоўваліся пытанні і даручэнні кіраўніка дзяржавы, якія знаходзяцца на кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, у тым ліку звароты грамадзян, што паступілі напярэдадні «Вялікай размовы» і не толькі. «Усё гэта знаходзіцца ў нас на кантролі, адпрацоўваецца, і мы строга сочым за тэрмінамі выканання і, вядома, якасцю. Па меры выканання даручэнняў або вырашэння якіх-небудзь задач людзі будуць інфармаваны праз СМІ», – сказала кіраўнік Адміністрацыі.
Што датычыцца падрыхтоўкі прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, Наталля Качанава падкрэсліла, што ніякай надзвычайнай сітуацыі ў гэтым няма, і ў прынцыпе не трэба рабіць адрознення паміж электаральнымі гадамі і астатнімі. «Трэба працаваць так, каб гэтыя гады нічым не адрозніваліся адзін ад аднаго. Абяцанні павінны выконвацца заўсёды, электаральны гэта або звычайны год. Калі кіраўнік даў абяцанне, яно павінна быць выканана. Людзей ашукваць нельга. Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды гаворыць Прэзідэнт нашай краіны. Трэба проста адказна працаваць, і тады ўсё праходзіць вельмі зладжана, дакладна і зразумела», – заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

 

Popularity: 1%

Top