Пры наяўнасці праблемы звяртайцеся да спецыяліста

Пры наяўнасці праблемы звяртайцеся да спецыяліста

У апошнія гады праблема ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых рэчываў, якія адурманьваюць, стала актуальнай для Беларусі. Толькі пад назіраннем наркалагічнай службы ў рэспубліцы знаходзіцца больш за 15 тысяч хворых на наркаманію. З іх каля 20 працэнтаў — асобы 15-20 гадовага ўзросту. Больш рэальная колькасць такіх хворых у нашай краіне — каля 70 тысяч чалавек.
Дадзеныя статыстыкі сведчаць пра цесную сувязь наркаўжывання з ростам колькасці захворванняў на СНІД, вірусныя гепатыты, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, сухоты і іншыя.
Асаблівую занепакоенасць выклікае хуткае распаўсюджванне наркаманіі сярод моладзі. Апошнім часам стала “модным” ужыванне спайсаў. Спайс — гэта курыцельная сумесь, якая апрацавана тым ці іншым наркатычным рэчывам. Ужыванне яго прыводзіць да імгненнага развіцця залежнасці. Пры адна— ці двухразовым ужыванні развіваецца псіхалагічная залежнасць, а праз 2-3 месяцы — фізічная.
Прафілактыкай шкодных звычак патрэбна займацца з ранняга дзяцінства, надаваць больш увагі дзецям у сем’ях. Кожны трэці наркаман — вынік адсутнасці ўзаемаразумення, варожа-канфліктны характар адносінаў паміж дзіцём і бацькамі. Часта ў наркамана адзін з бацькоў або абодва злоўжывалі спіртнымі напоямі, не праяўлялі цікавасці да выхавання сына ці дачкі.
Першыя прыкметы таго, што падлетак ужывае наркатычныя рэчывы, праяўляюцца ўжо праз ты-
дзень пасля пачатку іх прыёму. Пра тое, што згубны механізм запушчаны ў дзеянне, гавораць наступныя змены: падлетак праводзіць больш часу па-за домам, праяўляе празмерную гаварлівасць, павышаную актыўнасць; ён вялы, затарможаны, апатычны; рухі нязграбныя, парывістыя; стаў больш скрытным; часта агрэсіўным; страціў цікавасць да вучобы, былых заняткаў і сяброў; павялічыў грашовыя расходы ці стаў выносіць грошы або каштоўныя рэчы з дому; у яго частыя перапады ў настроі; здзяйсняе правапарушэнні; завёў новых падазроных знаёмых ці старыя сябры сталі крыху дзіўнымі; на целе маюцца сінякі, сляды ін’екцый, парэзаў; наяўнасць у яго шпрыцоў, сушанай травы, незразумелых таблетак, парашкоў, маленькіх карцінак, якія нагадваюць маркі.
Існуюць таксама і фізічныя прыкметы, якія паказваюць на тое, што падлетак прызвычаіўся да наркотыкаў: звужаныя ці расшыраныя зрэнкі, незалежна ад асвятлення; павольная і невыразная мова; парушэнне каардынацыі рухаў; вельмі бледная скура; дрэнная памяць і дэпрэсіўны стан.
Бацькі павінны быць памочнікамі для дзяцей у складаных сітуацыях, і пры наяўнасці праблемы дапамагчы дзіцяці яе вырашыць. Каб выкараніць яе адразу ж і не даць пусціць карані, патрэбна звяртацца па дапамогу да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, нарколагаў, у рэабілітацыйныя цэнтры.
У Беларусі ажыццяўляецца кваліфікаваная экстраная псіхалагічная дапамога па “Тэлефоне даверу”, ананімна, кругласутачна. Нумар у горадзе Мінску для дарослых — (80172)290-44-44,
для дзяцей і падлеткаў — (80172)46-03-03, у Брэсце — (80162)40-62-26 ці кароткі 170.
Дадатковую інфармацыю аб псіхалагічнай і наркалагічнай дапамозе можна атрымаць таксама ў паліклініцы Жабінкаўскай ЦРБ у псіхіятра-нарколага (каб. 38, 39) і па тэлефонах (801641)2-29-29 або (801641)6-08-11 з 8.00 да 17.00, акрамя выхадных і святочных дзён.
Марыя ВАЙЦЮК, урач псіхіятр-нарколаг Жабінкаўскай ЦРБ.

Popularity: 1%

Top